Тэсціраванне заранёў ці «Праца над памылкамі»

 

Тэсціраванне праводзілася па рускай і беларускай мовах, а іх, як вядома, здаваць трэба кожнаму, хто збіраецца атрымаць вышэйшую адукацыю.

 

Не гледзячы на сапраўдную завіруху, у вестыбюлі корпуса факультэту гісторыі і сацыялогіі, што на Кастрычніцкай, 5, прыкладна за паўгадзіны да пачатку рэгістрацыі сабралося больш за паўсотні будучых абітурыентаў. Яшчэ каля дваццаці чалавек тапталіся на прыступках: хтосьці паліў, хтосьці склаў пальцам кампанію, а нехта проста не адважваўся зайсці.

>

Па вуліцы Кастрычніцкай, захоўваючы дыстанцыю прыкладна ў 2-3 крокі, падцягваліся жадаючыя прайсці ўступныя іспыты. Паколькі фае тут не вельмі вялікае ў параўнанні з галоўным корпусам, то хутка народу набралося столькі, што не было магчымасці нават варухнуцца. Тыя, хто здолеў праціснуцца да раскладу аудыторый, здзіўляліся, што гэтым разам іх разлучылі з сябрамі, хоць прозвішчы пачыналіся на адну літару.

 

У адрозненне ад тэсціравання па гісторыі Беларусі, дзе іспыты праходзілі ўсяго ў дзвюх аўдыторыях, і жадаючыя былі падзелены па группах ад А да М і ад М да Я, жадаючых здаць беларускую мову было больш амаль у пяць разоў.

 

Нарэшце дазволілі падняцца па прыступках і пачаліся пошукі аўдыторый. Не гледзячы на хваляванне, будучыя абітурыенты хутка зарыентаваліся ў раскладзе аудыторый і сталі ў нязграбныя чэргі. Хваляваліся не толькі іспытуемыя, якія блыталі парадкавы нумар па спісе з нумарам пашпарта ці нумарам пропуску, але і адказныя за правядзенне тэсціравання. Тым не менш, арганізатары не забыліся папярэдзіць, што вокладкі (нават празрыстай) на пашпарце быць не павінна (да слова – гэта ўжо шосты тэст, а папярэджанне першае).

 

Усе расселіся па самастойна абраных месцах, што ўжо значна адрознівалася ад сапраўднага цэнтралізаванага тэсціравання, дзе месца называецца адказнай асобай. У аўдыторыі на пачатку тэсціравання хвалявання амаль не адчувалася. Арганізатар павіталася, павіншавала ўсіх з днём Святога Валянціна і папярэдзіла пра неабходнасць адключыць мабільнікі (якія ўсё роўна гудзелі амаль дзве гадзіны).

 

Тэсты раздадзеныя. Бланкі адказаў запоўнілі хутка і без памылак. Адчувалася, што народ робіць гэта ўжо не першы раз – рука набітая. Дзяўчынка, якая сядзела поруч, звярнулася да мяне: «Калі што – дапаможаш!». На мае пытанне: «Навошта? Ты ж прыйшла праверыць свае веды», – яна не знайшла што адказаць. Але дапамаглі іншыя суседзі: «Усё роўна хочацца атрымаць вышэйшы бал, каб бацькі не хваляваліся». Але мне падаецца, што гэта звычка сфармаваная на школьных кантрольных.

 

Заданні былі рознага ўзроўню: і лёгкія, і больш цяжкія. Хутчэй пытанні выклікалі некарэктныя фармуліроўкі заданняў, над якімі прыходзілася падумаць. І – о, жах! – забываліся найпрасцейшыя беларускія словы. Напрыклад, прыйшлося сумесна з суседзямі шмат часу змарнаваць на пераклад на беларускую мову слова «союз». Затое мы прыйшлі да агульнай высновы: каб здаць тэсціраванне па беларускай мове, трэба не толькі вучыць правілы і чытаць слоўнікі, але і часцей размаўляць на ёй. Першы чалавек здаў свой бланк адказаў дзесьці хілін праз 70-80. Гэта сведчыць пра сур’езныя адносіны да выканання тэстаў. Калі пісалі тэсты па біялогіі, то сыходзіць пачалі ўжо праз дваццаць хвілін. За такі кароценькі адрэзак часу адказы можна было даць хіба толькі наўздагад, альбо не даваць ніяк.

 

Падалося мне, што хлопцаў гэтым разам было больш, ці то яны проста раней выходзілі. Некаторыя адразу запісвалі адказы ў чыставы бланк, іншыя доўга малявалі ў бруднавіках, хтосьці перапісваў заданні. Мая суседка пачала пераносіць адказы з бруднавіка ў бланк прыкладна на сотай хвіліне! Ці паспее?

 

У адрозненне ад тэсціравання па гісторыі, на беларускай мове бруднавікі не адбіралі, дазволілі забраць з сабой. Увогуле стаўленне было добразычлівае, нават, дэмакратычнае, але пры гэтым захоўвалася цішыня, самыя малыя спробы перамоваў тут жа спыняліся наглядальнікам.

 

Толькі пераступіўшы парог з аўдыторыі «абітурыенты» адразу пачыналі абмяркоўваць заданні і параўноўваць адказы. Сумненняў не засталося – тэсціраванне па жаданні, насамрэч, справа абавязковая, бо дае магчымасць без памылак і хутка запоўніць бланк адказаў, адолець хваляванне, праверыць свае веды і пачаць працу над памылкамі.

Фота аўтара