«Этапы» жыцця знаёмага скінхэда

|

Адкуль такая тэма? Днямі сустрэў знаёмага хлопца, якога даўно не бачыў. Колькі часу таму ён прылічваў сябе да скіноў. Ды і цяпер «не перарос» гэтага руху. Мяне зацікавіла, што ж гэта за субкультура, якая аднойчы зачапіла і трымае чалавека…


Большасць думае, што скіны – гэта лысыя фашысты, якія носяць чорныя курткі з рынку, а потым тыя ж рынкі грамяць. Прыкладна таксама думаў і я: сярод голеных хлопцаў – перакананыя фашысты, нацысты і апалітычныя элементы. Аказалася ўсё трохі складаней, у кожнага адгалінавання ёсць свой назоў, стыль, ідэі і, вядома, музыка і сімволіка. Перш за ўсё – «кельцкі крыж». Больш рэдкія знакі – чэрап і косці, здвоеныя маланкі, нашыўкі з літарамі WP (ад «White Power»), малюнак белага кулака, малюнак бульдога ў шыпастым нашыйніку, малюнак бейсбольнай біты.

 

Скінхэды – групы гарадской моладзі, якія жывуць па сваіх законах, са сваёй музыкай, сваімі адметнымі знакамі, сваёй модай у вопратцы і канцэпцыяй «мужчынскага сяброўства». Скінхэды, у асноўным, хлопцы, але ў іх шэрагах сустракаюцца і дзяўчаты.

 

Я папрасіў свайго знаёмага распавесці пра тое, як ён стаў скінхэдам. Адказ быў не зусім зразумелы: «Станавіўся скінам па этапах». «Па якіх?» – Спытаў я.

 

«Малалеткі». Першая, самая шматлікая група, гэта падлеткі 12-14 гадоў, якія яшчэ толкам не ведаюць, што да чаго, але ўжо нахапаліся нацысцкіх або расісцкіх лозунгаў, перанялі некаторыя асноўныя нормы паводзін.

 

«Маладняк». Падлеткі больш старэйшага ўзросту, 14-16 гадоў, якія актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных зборышчах, збіраюцца ў вялікія рэгулярныя групы.

 

«Старшакі». Апроч удзелу ў мітынгах, сходках і зборышчах валодаюць цвёрдай «арыентацыяй», умеюць не толькі складна выказаць асноўныя пункты свайго руху, але і вядуць агітацыйную працу. Такая катэгорыя скіноў часцяком валодае трывалымі сувязямі з рознымі права- і леварадыкальнымі экстрэмісцкімі арганізацыямі.

 

«Старыя». Сярод натоўпу скіноў самых розных выглядаў, узроўняў і ступеняў арганізаванасці існуе гэтая невялікая згуртаваная група. Яна – адносна маленькая частка скін-руху і складаецца з больш устойлівых і актыўных лысагаловых. Сярэдні ўзрост – за 20 гадоў. «Старыя скінхэды» добра ведаюць звычаі, традыцыі і прынцыпы руху, з’яўляючыся яго асноўнымі захавальнікамі і тлумачальнікамі. Кожны з іх мае вызначаны стаж знаходжання ў скін-руху, ад трох-пяці да дзесяці гадоў, на працягу якіх ён павінен жыць і дзейнічаць, выконваючы ўсе прынцыпы і запаведзі. Перапыненне стажу не дапушчаецца, пераход на час у іншую нефармальную плынь з наступным вяртаннем таксама не дапушчаецца, ён павінен быць скінам «па жыцці».

 

Я так зразумеў, што менавіта стыль жыцця, а не стыль вопраткі ці фрызуры прываблівае майго знаёмага. Але чаму, прабачце, не зразумеў. Я адчуваю, што тут ёсць нейкі пратэст, але мне не адкрылася гэтая таямніца. Не можа быць пратэст супраць «усяго»…

 

У кожнага накірунку ёсць пераймальнікі. Так і ў скінхэдаў ёсць так званыя «Моднікі». Яны носяць скін-атрыбутыку, слухаюць музыку лысагаловых, але ў сваёй масе яны ціхія і неагрэсіўныя. Як правіла, яны не здольныя нават адбіць абразы і насмешкі з боку «правільных» лысагаловых, тым больш яны не могуць здзейсніць які-небудзь сур’ёзны ўчынак, «хвалебны» і «геройскі» з пункту гледжання асноўнай масы скіноў.

 

Мой суразмоўца дрэнна ставіцца да «моднікаў». Але мне здаецца, што большасць гарадзенскіх скінхэдаў менавіта «моднікі». Што не так ужо і дрэнна.