У ратавальнікаў па сцэнару – адны катаклізмы
Акрамя МНС, у вучэннях удзельнічалі раённыя медыцынская, транспартная, камунальная, інжынерна-тэхнічная службы, а таксама арганізацыі сувязі, аховы грамадскага парадку, гандлю, энергазабеспячэння і іншыя.
У сцэнары вучэнняў – цэлая серыя катаклізмаў і надзвычайных сітуацый. Спачатку «ў выніку буры» без электрычнасці засталіся 10 населеных пунктаў, дрэвы, якія «пападалі», заблакавалі дарогі. А дахі 45 дамоў і 6 фермаў запатрабавалі аднаўлення. Затым «паўстаў» пажар на Бераставіцкай падстанцыі, у выніку якога без электрычнасці засталіся дамы, бальніца і гасцініца… Удзельнікам вучэнняў прыйшлося ратаваць «затопленую» вёску Ярмолічы з эвакуацыяй жыхароў і арганізацыяй медыцынскай дапамогі.
А потым выбухнуў газавы балон, распаўсідзілася эпідэмія птушынага грыпу, разлілася іртуць і адбылося радыёактыўнае забруджванне асяроддзя пасля аварыі на Інгалінскай АЭС (чаму не Астравецкай?). Да таго ж, абвастрылася ваенна-палітычная сітуацыя і напалі на Бераставіцу дыверсанты… Карацей, не сцэнар – галівудскі баявік. Але такія вучэнні неабходны, бо значна падвышаюць тэарэтычна-практычны ўзровень падрыхтоўкі ратавальнікаў.
Фота: ВГ