Бягом: ад сябе і да сябе

| Без катэгорыі

5.30. Празвінеў будзільнік. Далей ён ляціць у сценку, але зноў пачынае звінець. Прымушае ўстаць.

5.40. Як-неяк асобныя часткі гадзінніка сабраныя ў адзін прыбор. Але ў помсту ён пачынае званіць кожныя 3 хвіліны. За што і ляціць у вакно.

5.59. Закончыўшы піць учорашні чай, іду далей спаць. Але сумленнасць атрымлівае перамогу над лянотай, і прыходзіцца цягнуцца на прабежку.

6.17. Сустрэлася з братам. Ён дацягнуў мае брэннае цела да стадыёну. Пачынаю бегчы.

6.30. Круг восьмы ці дзевяты, не памятаю. Ногі заплятаюцца ў снягу. Падаю.

8.00. Не ведаю, як апынулася дома, але вельмі добра ведаю, што ў школу ўжо спазнілася.

 

Вось такой была мая першая прабежка. Цяпер я бегаю павольна, без цяжкасцяў. Будзільнікі ў вакно не выкідаю, ды і дзе іх столькі ўзяць? Атрымліваю задавальненне ад бегу і прапаную вам далучыцца да гэтай бадзёрай раннішняй справы. Шмат людзей імкнуцца даведацца, чаму некаторых грамадзян нейкая сіла падымае з цёплага ложку, адрывае ад салодкага сну і выштурхае на вуліцу. Бегаць! Вось вам адказы некаторых «бегуноў»:

 

Ігар, 31 год: Я быў інвалідам. Не мог спакойна хадзіць, балелі калені. Мне зрабілі аперацыю на ногі, і боль знік. Дактары параілі не рабіць рэзкіх рухаў – шкодна. Але я не мог стрымліваць сваё жаданне паспрабаваць нешта новае і, не гледзячы на забароны, пабег. Пачуў свабоду. Нічога не здарылася. Так я стаў бегаць.

 

Ганна, 18 гадоў: Ніколі не любіла спорт. У школе мела па фізкультуры не вышэй за «7». Аднойчы спатрэбілася некалькім дзяўчынкам паўдзельнічаць у спартакіядзе. Ніхто не хацеў, адправілі мяне. Паабяцалі добрую адзнаку, каб я толькі прыняла ўдзел. На спартакіядзе абвесцілі старт, і я пабегла. Упершыню засталася сама з… сабою. Прыбегла чацьвертай, але бег з таго моманту палюбіла.

 

Іосіф, 65 гадоў: Я – былы спарстмен. Удзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах. Люблю хуткасць і чыстае паветра, якое бывае толькі з раніцы. Дома нічога не раблю, таму і бегаю. Люблю, і ўсё тут.

 

Калі вы толькі пачынаеце бегаць, не спрабуйце адолець мільён кіламетраў адразу. Пачынайце з 10 – 15 хвілін у дзень. Бяжыце так: хвіліну рухайцеся хутка, хвіліну ідзіце павольна. Перад прабежкай патрэбна з’есці яблык ці выпіць стакан вады. Бегайце тады, калі вам зручна – раніцай ці ўвечары. Выбірайце самі. І памятайце, што ў гэтай справе патрэбна рэгулярнасць. Будзеце бегаць кожны дзень, прызвычаіцеся. Рэзультат не прымусіць сябе чакаць.