Якая ж ты памяркоўная, краіна Чырвоных гальштукаў
Калі я ішла на сустрэчу ў Палац творчасці моладзі, уяўляла сабе, што ўбачу шмат дзяцей, пачую грукат дзесяткаў башмакоў, папрысутнічаю на нейкіх падлеткавых спрэчках… Выявілася, усё наадварот.
У палацы – рамонт і холад. Здзіўленне выклікаў і патрэбны мне «кабінет» піянерскай арганізацыі: шмат прасторы, на сценах – розныя стэнды з дыпломамі і ўзнагародамі, на падлозе – дыван. За двума сталамі з кампутарамі – дзве дарослыя жанчыны. Ні шуму-гоману, ні дзіцячага смеху, ні спрэчак, ні піянераў. Акуратнасць, строгасць, стрыманасць.
Я папрасіла жанчын расказаць мне крыху пра арганізацыю, узгадаць нейкія цікавыя моманты з піянерскага жыцця-быцця. Але мне адказалі, што нічога цікавага не адбываецца. Ёсць толькі адна (!) дзяўчынка, якая адрозніваецца сваёй выдатнасцю і яе можна адзначыць. Далі мне дзве брашуркі і два прэзентацыйных буклеты з фотаздымкамі. Я збянтэжылася: что ж гэта за дзіцячая арганізацыя, дзе замест жывых эмоцый – чатыры прыклады паліграфічнай прадукцыі, а замест дзяцей – дзве стомленыя цёткі. Няхай сабе і рамонт, але ж пра нешта гэтыя выхавацелькі павінны ведаць? Яны ж нешта робяць?
У кожнай школе кожнага гораду і мястэчка ёсць адказныя дарослыя, якія «запісваюць» дзяцей у арганізацыю. У Гродна – 44 171 піянер і 30 194 «акцябронка». Я ўпэўненая, што арганізатары проста не ў стане ведаць характар ці інтарэсы кожнага дзіцяці. Не факт, што іх ведаюць нават у твар. Так навошта гэтыя тысячы «чырвоных гальштукаў»? Можа для грошай, якія выдзяляюцца з бюджэту на арганізацыю, а інакш правядуць тлумачальныя гутаркі.
Лозунг арганізацыі абвяшчае: «Піянерыя – гэта не проста арганізацыя. Гэта цэлая дзіцячая краіна, якая жыве па законах дабра, справядлівасці, узаемападтрымкі. Менавіта тут хлопчыкі і дзяўчынкі, з самымі рознымі інтарэсамі, могуць знайсці справы па душы і па сваім жаданні».
Паколькі даведацца пра «душэўныя справы» ў Палацы моладзі я не змагла, пайшла ў школу паразмаўляць з хлопцамі і дзяўчынкамі. У трэцім «І» класе СШ № 27 амаль усе дзеткі «акцябраты» (чаму не «кастрычняты»?). Я спыталася, чым яны займаюцца на сходах?
Ліза: Я рэдка хажу на сходы. Нам задаюць заданні, напрыклад, падрыхтаваць прымаўкі, намаляваць плакат. Бывае цікава.
Арына: Ніколі не бываю на сходах. Мне гэта не цікава.
Ілля: Мне казалі, што там лепяць з пластыліну, клоўнаў малююць, нават дрэва садзілі аднойчы. А сам на сходы не хаджу, у мяне – танцы, барацьба і валейбол. І папугай яшчэ ёсць.
Ганка: Я і не ведаю, што ёсть нейкія сходы ці заняткі. Але я «акцябронак»…
Віка: А я не «акцябронак». Мяне запрашалі-запрашалі, але я не пайшла. Не разумею, навошта гэта.
Хлопцы з 10 «Д» – чынам старэйшыя, яны ўжо «піянеры».
Павел: Ой, чым мы толькі не займаемся! Ходзім на розныя папсовыя канцэрты, хакей. Піянерамі нам трэба быць проста для масоўкі. Малюем газеты для школы. Сходы бываюць кожны тыдзень.
Віктар: Я прымаю актыўны ўдзел у арганізацыі. Асабліва ў масавым уцяканні з урокаў! Ну, яшчэ мы ўдзельнічаем у рэспубліканскіх конкурсах. А 23 лютага выступалі за цвярозую нацыю!
А дзяўчынкі, аднакласніцы хлопцаў, як толькі пачулі пра тое, што я пытаюся ў іх пра піянерскія справы, сказалі, як бы самі сабе: «А, гэтая фігня… Пайшлі адсюль». Потым я іх сустрэла на прыступках з цыгарэтамі.
Мне падаецца, цікавасць жыцця арганізацыі залежыць ад сукупнасці фактараў. Па-першае, важна тое, наколькі педагог-арганізатар зацікаўлены ў працы з дзецьмі, як умее запаліць інтарэс, прапанаваць ідэю, знайсці падыход да кожнага. Насамрэч, я не лічу, што піянерыя – гэта дрэнна. Дрэнна, калі усё адбываецца фармальна.
align=”left” >Па-другое, калі ўсе СМІ забілі трывогу на конт знікнення птушак, дрэннай экалогіі і г. д., дзеці садзілі дрэвы і майстравалі кармушкі птушкам. І гэта добра. Але дрэвы і кармушкі – каля адной школы вісяць, а каля другой – голы двор. Каб павесіць кармушку, не абавязкова быць піянерам…
Мае бацькі памятаюць, як хадзілі ў паходы, палілі вогнішчы і адпачывалі ў піянерскіх летніках. І калі ты не быў піянерам – быў табе сорам! Зараз імкнуцца гэта адрадзіць, і нічога ў гэтым жахлівага няма. Жахліва другое: ці патрэбна арганізацыя самой моладзі? Моладзь выказвае пратэст, моладзь напоўненая крытыкай, моладзь разумее, што «піянерская» – хутчэй для працоўных масцаў дарослых. Але прапаноў са свайго боку не робіць. Можа таму, што адчувае – гэтыя прапановы ніхто слухаць не будзе.
Вядома, лепш удзельнічаць у пасадцы дрэваў, ездзіць на дзяржаўныя конкурсы і прымаць актыўны ўдзел у культурным жыцці, чым паліць на школьных прыступках… Але ў сутнасці самой «арганізацыі» ёсць нешта штучнае, нежывое.