Паставіць сябе на месца іншага…

|

Наколькі часта мы задумваемся аб тым, як жывуць інваліды. Асабліва адна з найбольш безабаронных частак – інваліды-калясачнікі? Ці сустракаем мы іх на нашых вуліцах увогуле? Дэ-юрэ яны існуюць. Сёння ў Гродна пражывае каля 130 чалавек, назаўжды прыкаваных да каляскі, 45 з іх уваходзяць у Гарадзенскую суполку Грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў». Не так шмат, кажаце?

 

Справа не ў колькасці, а ў тым, што дэ-факта яны існуюць, але амаль ніхто іх не бачыў. І гэта не нейкія «зялёныя чалавечкі» з іншай планеты, а нашыя з вамі грамадзяне. Яны жылі паўнавартасным жыццём, побач з намі: хадзілі на працу, па закупы ў краму, забіралі сваіх дзетак з садка ці школы… А потым пасля нейкага страшэннага здарэння іх жыццё цалкам перакулілася з ног на галаву. Больш таго, чалавек раптам знік у пустэчу.

 

Я цалкам падзяляю погляд экзістэнцыялістаў аб адзіноце чалавечага індывіда ў нашым свеце, але зразумеў, што ніколі па-сапраўднаму не адчуваў яе. Бо ніколі не знаходзіўся ў такіх варунках, калі кватэра раптам ператваралася ва ўласную турму. Адзінае, што трэба – паспрабаваць сабе ўявіць, што па-за межамі яе цябе не чакаюць.

 

Ніхто з так званых, людзей здаровых, не задумваецца аб неабходнасці пандусаў у пад’ездах каля крамаў. Большасць, акрамя, мабыць, жанчын з маленькімі дзеткамі ды раварыстаў, не разглядаў вышыню бардзюраў на нашых вуліцах. Ніколі не прыйдзе ў галаву сярэднестатыстычнага грамадзяніна думка аб тым, што патрэбныя туалеты для інвалідаў, спецыяльныя ліфты ды г.д. А гэта менавіта тыя неабходныя рэчы, якія б далі магчымасць «асобам з абмежаваннем апорна-рухаючай функцыі», як іх афіцыйна называюць, адчуць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі.

Каб не быць галаслоўным, трэба даць кароткую крытычную ацэнку сітуацыі ў горадзе на падставе фактаў. Гарадзенскі гарвыканкам двойчы прымаў праграмы пад назвай «Планы мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў у горадзе Гродна, забеспячэнне іх свабоднага доступу да аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры»: на 2002-2005 ды 2006-2010 гг. Пасля ўласнай экспертызы, якая праводзілася напрыканцы мінулага году, сябры гарадской суполкі Грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» канстатавала, што планы так і засталіся, у цэлым, толькі планамі.

Большасць будынкаў сацыяльнага прызначэння (крамы, паліклінікі, бані, адміністратыўныя будынкі ды інш.) не абсталяваныя пандусамі, а калі яны ёсць, частка з іх не адпавядае стандартам. Дастаткова ўзгадаць пандус каля крамы «Світанак», што на вуліцы Брыкеля. Няхай загадчыца крамы, якая усталявала гэтае прыстасаванне, паспрабуе зрабіць цыркавы нумар і з’ехаць па ім на інваліднай калясцы. Напэўна, яе можна будзе назваць каскадзёркай, калі ўсё добра скончыцца.

 

align=”left” >Пераважная колькасць бардзюраў таксама не адпавядае агульнадзяржаўным ДАСТам: іх вышыня каля пазначаных пешаходных пераходаў павінна быць не больш за 4 см, а ў астатніх месцах – «на нуль» (пры гэтым вугал з’езду – не больш за 45 градусаў). Што бачым рэальна? Бардзюры, напрыклад, на вуліцы Гагарына, больш прыстасаваныя для бегу з перашкодамі: іх вышыня у некаторых месцах дасягае 20 і больш сантыметраў! Калі браць ільготы, то сёння інваліды амаль поўнасцю іх пазбаўленыя: засталіся ільготы па леках ды яшчэ раз на 5 гадоў можна атрымаць ад дзяржавы інвалідную каляску.

 

Калі ж яна зламаецца раней, калі ласка, набывай за свае грошы. Беларуская каляска, зрэшты, вельмі цяжкая і непрыстасаваная да актыўнага перасоўвання, сёння каштуе каля 2 млн 800 тыс. беларускіх рублёў. Гэта не кожнаму па кішэні.

 

А вось калі інвалід жадае набыць, напрыклад, электрычную каляску замежнай вытворчасці, то гэта можа абыйсціся яму прыкладна ў 28 мільёнаў беларускіх рублёў. Акрамя гэтага, інваліды пазбаўленыя дапамогі ў санітарна-гігіенічных сродках. Вельмі цяжка набыць памперсы для дарослых, а вось мачапрыёмнікі, без якіх жыццё чалавека (асабліва жанчыны) на інваліднай калясцы ператвараецца ў звычайны ад, сапраўдны дэфіцыт! І гэта ў ХХІ стагоддзі!

 

Якое стаўленне сёння ў грамадстве да інвалідаў? У горшым выпадку – нейкае абразлівае, у лепшым – спачувальна-нацягнутае. Але што мы ведаем пра іх лёс, пра іх беды і радасці, пра іх пачуцці, калі гэтая бяда не тычыцца нашай уласнай сям’і? І што мы можам для іх зрабіць, шчыра кажучы? Здаецца адзінае, але вельмі істотнае,– гэта паспрабаваць зразумець. Не шкадаваць іх, а падтрымаць. Дзе – проста дапамагчы заехаць у пад’ед, а дзе – проста паразмаўляць. Паспрабаваць паставіць сябе на месца іншага – вельмі рэдкая, але патрэбная для кожнага чалавечая якасць. Бачыць не інваліда, а паўнавартаснага чалавека, абмежаванага ў руху і дзейнасці, а не ў правах ці развіцці. Можа тады нешта і зварухнецца… Спачатку – у нашым грамадстве, потым – і ў дзяржаве. У лепшы бок. У бок цывілізаванасці.