Няма абмежаванняў, ёсць толькі перашкоды

|

Саша займаецца скокамі ў нікуды каля 6-ці гадоў. Перад тым, як пачаць адказваць на мае пытанні, ён прапанаваў мне паспрабаваць скокнуць са страхі на суседні будынак. Можа, ён «пажартаваў», але я чамусьці пагадзілася. На жаль спроба скончылася няўдала і я пашкодзіла руку. Але размова адбылася.

 

Усё пачалося ў глыбокім дзяцінстве: «Я быў актыўным дзіцёнкам, перашкаджаў сваім бацькам і яны аддавалі мяне ва ўсе спартовыя секцыі. Але мне гэтага ўсё роўна было мала. Я і на дрэвы і на пажарныя лесвіцы лазіў. Потым стаў больш дарослым, «далучыўся» да Інтэрнэту і знайшоў сваіх аднадумцаў, з якімі мы разам пачалі займацца паркурам.

 

Усе ўяўляюць паркур па-рознаму, для Сашы гэта – пастаянны адрэналін у крыві. Займацца паркурам – значыць быць лягчэй пяра… Былі моманты і надта небяспечныя, ён мог развітацца калі не з жыццём, дык са здароўем, дакладна.

 

– Калі я толькі пачынаў, хацеў адразу пераскочыць з аднаго даху на іншы, але не разлічыў сілы і ледзь не зваліўся на асфальт. Добра, што курткай зачапіўся за пажарную лесвіцу. А не так даўно, дакладней – у студзені, адзін хлопчык, пераскокваючы на суседні будынак, на жаль паслізнуўся. Ён упаў з 12-ці павярховага будынку. Шкада яго, яму было ўсяго 16 год. Узімку, ды тым больш без досведу…

 

– А ты ведаеш, хто заснаваў гэтае «самагубства»?

 

– Вядома, Давід Бэль. Я яго ведаю!

 

Пазнаёміўся з ім Саша, калі вучыўся ў школе з французскім ухілам.

 

– Вучыў французскі я, вядома, з такой жа стараннасцю, як і астатнія прадметы, гэта значыць – з нулявой.

 

Але калі Саша даведаўся, што Давід Бэль – француз, то пачаў вучыць мову так, што стаў самым прасунутым у сваім класе. І яго адправілі разам з класам у Францыю. Там гродзенцы былі каля тыдня, ездзілі па ўсіх вядомых гарадах, потым дабраліся да Парыжу.

 

– Вельмі не спадабаўся гэты горад – ён такі гламурны… Нават займацца там паркурам не хацелася. З нуды пачаў блукаць па Інтэрнэце. Знайшоў сайцік паркурыстаў, даведаўся, што на наступны дзень адбудзецца невялікае спаборніцтва сярод мясцовых парыжскіх паркуршчыкаў. А арганізатарам быў… сам Давід Бэль! Уяўляеш сабе маё захапленне!

 

– Пэўна, ты заняў першае месца?

 

– Там не было ніякіх узнагарод. Ніхто не вызначаў, першы ты ці другі, ці апошні. Галоўным было паказаць сваё майстэрства і заставацца самім сабою.

 

– А як твае бацькі, не перашкаджаюць?

 

– А ім ніхто і не гаворыць (смяецца). Раней лаялі, забаранялі, а потым прызвычаіліся. Я заўсёды мог знайсці з імі агульную мову. А пачынаючым паркурыстам Саша жадае: есці менш, бегаць больш і быць асцярожнымі. Як кажа, Дэвід Бэль, – няма абмежаванняў, ёсць толькі перашкоды.

>

Легенда паркуру – Дэвід Бэль (http://999hell666.diary.ru)

Фота на застаўцы: http://gta.is74.ru