Калі не дапамагаюць заўвагі, звяртайцеся ў ЖЭС

|

У горадзе – дамы ў асноўным шматпавярховыя. Думаю, хаця б раз кожны з вас, паважаныя чытачы, прарываўся да сваёй кватэры праз клубы тытунёвага дыму, спатыкаючыся на недакурках і слізгаючыся на пляўках. Замест вазонаў на вокнах – банкі з-пад кансерваў з букетам брудна-жоўтых «бычкоў», старанна выкладзеных задумлівымі курцамі. Вам таксама не падабаецца такі дэкор? Вы сапраўды маеце права на здаровы лад жыцця і жадаеце ім скарыстацца? Вы супраць таго, каб хтосьці штодня парушаў вашыя правы? Тады трэба змагацца! Вы гатовыя, але не ведаеце, як абараніцца ад гэтай навалы? Паспрабуем разам.

 

Пачнем з таго, што маральныя ўшчуванні тут, як і ў сітуацыі з півам, не дапамогуць. Вядома, кожны сам мае права вырашаць: труціць сябе тытунём ці не. Але вось як прымусіць гэтага незалежнага курца паважаць правы іншых. Каб адказаць на гэтае пытанне, звернемся да заканадаўства.

 

Па-першае, існуе Жыллёвы кодэкс. У адпаведнасці з артыкуламі 125-126 адказнасць за правапарушэнні ў галіне жыллёвых адносін, у тым ліку за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых памяшканняў і дапаможных памяшканняў жылога дома, пажарнай бяспекі і іншых правілаў усталёўваюцца адміністратыўным, крымінальным і іншым заканадаўствам. Нічога канкрэтнага няма. Таму будзем шукаць далей.

 

Па-другое, наступным дакументам сталі тыя самыя Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, дзе ў п.п. 6.3. утрымліваецца забарона на паленне ў падсобных памяшканнях, у тым ліку на лесвічных пляцоўках, у вестыбюлях, смеццеправодах, падвальных памяшканнях жылога дома. А калі ёсць парушэнне, то павінна быць і адказнасць.

 

У КаАПе ёсць нават два артыкулы: 17.9. і 21.16. Розніца паміж імі ў тым, што першы прадугледжвае адказнасць за паленне тытунёвых вырабаў ў месцах, дзе яно забаронена, штрафам ў памеры ад 0,1 да 0,5 базавай велічыні, а другі – за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі. Але асноўнае пытанне ў тым, куды звяртацца з заявай ці скаргай.

 

У першым выпадку звяртацца трэба да ўчастковага, у другім – у ЖЭС. Але, як паказала практыка, участковы ў гэтым выпадку можа толькі пагутарыць з парушальнікам. Тое ж самае зробіць і ЖЭС, толькі, калі парушальнік ніяк не адрэагуе на папярэджанне, тады ЖЭС павінен звярнуцца ў суд з заявай аб прыцягненні яго да адміністратыўнай адказнасці. Штраф у такім выпадку складзе ўжо ад 10 да 30 базавых велічынь – не так ужо і мала.

 

Таму, калі не ўдаецца паўплываць на курцоў заўвагамі, то і не трэба дурыць сабе галаву – трэба ісці напрамкі ў ЖЭС і пісаць заяву. І не трэба шмат разважаць пра сумленне: калі яго няма ў парушальніка, то чаму вы павінны цярпець? Дзейнічайце!

 

P.S. За караценькі «супрацьпіўны» перыяд прыцягнута да адказнасці больш за паўсотні гродзенцаў. Адносіны да новаўвядзення ў грамадстве розныя, але большасць падтрымлівае заканадаўства. Мне здаецца, што большасць гараджан таксама супрцаь недакуркаў пад нагамі…