СамаНастаўнік ігры на гітары
– Колькі часу вы ўжо граеце на гітары?
– Цяжка адказаць на гэтае пытанне. Калі адкінуць перапынкі на сон, абед, адпачынак і г.д., і ўзяць толькі той час, які я граў на гітары, то атрымаецца дзесьці месяцаў 10. Гэта чысты гітарны час. А можа і болей.
– А якая музыка вам больш падабаецца?
– Вас гэта можа здзівіць, але гітарная (смяецца). А калі сур’ёзна, то самая розная. Напрыклад, джаз. Я памятаю, як у дзяцінстве ў мяне быў маленькі прыёмнік. Аднойчы я злавіў нейкую хвалю, ужо не памятую якую… Там ішла музычная перадача: у студыю быў запрошаны малады хлопец, ён граў джаз. Але рабіў ён гэта так прыгожа, што тыя гукі нават зараз гучаць у маёй галаве. Тады я зразумеў, што гэтая музыка вечная, і перажыве яна не толькі нас з вамі, але і яшчэ шмат пакаленняў.
– Колькі трэба вучыцца, каб іграць на ўзроўні, напрыклад, Дзідзюлі?
– Гэта залежыць ад многіх фактараў. Напрыклад, ад настаўніка. Асабліва, калі ў яго прозвішча Андрэеў (смяецца). Або колькі гадзін у дзень вы збіраецеся прысвячаць гітары… Ад вашых здольнасцяў. Таму нельга адназначна адказаць на гэтае пытанне. Многія людзі прыходзяць да мяне з велізарным жаданнем навучыцца іграць. А пазанімаўшыся пару тыдняў, пачынаюць скардзіцца на болі ў пальцах, і жаданне далей асвойваць інструмент кудысьці ўлятучваецца.
– А вам не крыўдна, што ў Беларусі шмат вядомых гітарыстаў, якія граюць значна горш за вас. Напрыклад, той жа Дзідзюля. Але яго ведаюць, а вас не?
– Тут няма на што крыўдзіцца. Усе мы добра ведаем гісторыю Дзідзюлі. Ён заслужыў тое, што ён зараз мае. Як і іншыя зоркі. Дабіцца гэтага вельмі цяжка. А што тычыцца мяне, то можна сказаць, што проста яшчэ не прыйшоў мой час. Спадзяюся, што ўсё наперадзе.
– Я ніколі не бачыў такога саманастаўніка як ваш. Вы першы пачалі ўстаўляць у кнігі фотаздымкі акордаў?
– Не. Гэта ўжо даўно не ноў- хаў. Да мяне гэта рабіла шмат людзей. Але ў маёй кнізе «Стандартная аплікатура акордаў» па-мойму ўпершыню была апублікаваная троху іншая методыка. Я спачатку хацеў замест фота акордаў уставіць свае партрэты, але не дазволілі ў рэдакцыі. Жарт. Там паказана, што можна сыграць шмат песняў, не змяняючы палажэння пальцаў на струнах. Гэта значыць, што трэба зажаць адзін акорд і проста «ездзіць» рукой налева і направа. Для тых, хто яшчэ вучыцца іграць, гэта зрабіць значна лягчэй, чым змяніць палажэнне пальцаў. Вось такой методыкі я яшчэ нідзе не бачыў. Магчыма гэта нешта новае.
– За вашую кар’еру настаўніка вам давялося сустракацца і вучыць шмат музыкаў, якія потым мелі поспех на розных музычных пляцоўках…
– Да. Іх было шмат. Я нават усіх і не памятаю. Але я б не сказаў, што там была значная дапамога, якая паўплывала на іх творчасць. Больш я мог толькі паслухаць іх, парадавацца і пахваліць. Зусім іншая гісторыя з гуртом «Nonsense». Там сапраўды была значная дапамога. Я і зараз кантактую з гэтымі людзмі.
– Якое дасягненне ў сваёй творчасці вы лічыце самым вялікім?
– Вось калі напішаш кнігу, а потым чытаеш водгукі. А там напісана «Кніга файная. Проста клас. Андрэеў малайчына. Супер». І тады разумееш, што дзеля гэтага варта не спаць па начах. Трэба працаваць, рабіць нешта для людзей. Вось гэтыя водгукі я і лічу самым вялікім дасягненнем у сваёй творчасці.
– Што б вы параілі людзям, якія толькі збіраюцца навучыцца іграць на гітары?
– Трэба ставіцца да ігры на гітары не як да «гульні ў гітарыста», а як да сур’ёзнай справы. І тады поспех прыйдзе сам сабой.
– Якія ў вас твочыя планы?
– Зараз будзе цалкам аднаўляцца мой сайт www.andreev-guitar.com. Рыхтуецца яшчэ адна кніга. А больш нічога вам не скажу. Скора самі ўсё ўбачыце.