Чэмпіён Еўропы залежыць ад… лесвічных прыступак

|

Людзі, як вядома, валодаюць адной, вельмі «зручнай» якасцю – абстрагіравацца ад чужых праблемаў ці «не сваіх» катастрофаў. Што для нас, напрыклад, азначаюць мільёны забітых на вайне? Амаль нічога, бо гэта толькі лічбы, статыстыка. А вось калі бяда тычыцца нас, нашага сваяка, сябра ці нават суседа, статыстыка «ажывае». У звычайным жыцці – тое ж самае. Таму, у працяг тэмы пра інвалідаў-калясачнікаў, я хацеў бы распавесці пра звычайную жанчыну Наталлю Шавель, якая жыве побач з намі. Можа, гэта неяк дапаможа «наблізіць» тыя праблемы, з якімі большасць з нас не сутыкаецца…

 

Наталля – шматразовая ўдзельніца і прызёр Чэмпіянатаў Еўропы і Свету па плаванні сярод інвалідаў. На апошнім Чэмпіянаце Еўропы па плаванні сярод інвалідаў, які праходзіў у Ісландыі ў 2009 годзе, Наталля заваявала для нашай краіны два медалі – залаты ды бронзавы. Яна займаецца плаваннем з дзяцінства, таму, калі з ёй адбылося няшчасце, то яна не страціла мужнасці і аптымізму, вырашыўшы далей займацца спортам і стаць спартсменкай-параалімпійкай.

 

Яшчэ больш аптымізму і мужнасці спадарыні Наталлі спатрэбілася і спатрэбіцца, на жаль, у змаганні з чыноўнікамі. У доме 8Б па вул. Гагарына яна пражывае з мужам і сынам з 2004 году. Дагэтуль у пад’ездзе няма пандуса, без якога ёй, інваліду-калясачніку, самастойна пакінуць сваю кватэру проста немагчыма. Каб падтрымліваць спартовую форму, Наталлі патрэбныя штодзённыя трэніроўкі. І калі да басейна яна дае рады даехаць на ўласным аўтамабілі, то выехаць з пад’езду перашкаджаюць… звычайныя прыступкі.

>

Некалькі разоў жанчына звярталася да мясцовых уладаў, але тыя толькі «адпісваюцца», спасылаючыся на тое, што дзяржаўныя органы не маюць ніякага дачынення да кааператыўнага дому. З афіцыйных адказаў зразумела тое, што жанчына павінна сама, за свой кошт і сваімі намаганнямі пабудаваць пандус. Няўжо чалавек, які абараняе інтарэсы дзяржавы на самым вышэйшым спартовым узроўні, дагэтуль не заслужыў паразумення і дапамогі?

 

Мне здаецца, што калі б Наталля Шавель была сваячніцай ці сяброўкай, напрыклад, спадара старшыні гарвыканкаму, то пандус быў бы прадугледжаны ў пад’ездзе яшчэ на эатпе праектавання. Але…

 

А, можа, і сапраўды мясцовыя ўлады не маюць грошай ці паўнамоцтваў, каб дапамагчы жанчыне? Але мне заўсёды было няёмка, калі папера перамагала над чалавекам, а ідыятызм – над здаровым розумам.