Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў па-гродзенску
У сувязі з адзначэннем Сусветнага дня абароны правоў спажыўцоў гандлёвы дом “Нёман” 15 сакавіка ладзіў акцыю пад назвай “Якасць тавараў і паслуг – знак якасці жыцця”. У межах акцыі, якая доўжылася ўсяго гадзіну, мінакі мелі магчымасць запытацца пра свае правы і якасць тавараў і паслуг у спецыялістаў – урачоў-гігіеністаў з Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Як адзначылі арганізатары акцыі, спажыўцы пра свае правы не пыталіся – цікавіліся зніжкамі і тым, як стаць пастаяннымі пакупнікамі “Нёману”. Сённяшнія спажыўцы вельмі падкаваныя ў сваіх правах, дадалі супрацоўнікі гандлёвага дому. Таму акцыя звялася да інфармавання ахвотных пра акцыі “Нёману”, зніжкі і раздачы рэкламных матэрыялаў.
Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў ладзіцца штогод 15 сакавіка з 1983 года.
Здымак Госі Марчык