На рэканструкцыю Наваградскага замка спатрэбіцца 5 гадоў

|

У першую чаргу рэстаўратары зоймуцца кансервацыяй таго, што засталося ад вежаў.

Працы, пры ўмове належнага фінансавання, могуць пачацца ўжо сёлета і мусяць быць скончаныя цягам двух год.

Кансервацыя ўжо пачыналася 10 год таму, але, з-за адсутнасці сродкаў, спынілася.

Цяпер неабходна наноў рабіць гідралагічныя і інжэнерныя даследаванні, бо вынікі папярэдніх даўно састарэлі.

Наступны этап – раскрыццё рэшткаў астнатніх вежаў, якія захаваліся пад культурным пластом.

Дзеля гэтага неабходна будзе панізіць узровень усёй пляцоўкі.

Навуковы кіраўнік аб’екта Сяргей Друшчыц лічыць у перспектыве магчымым стварэнне музейнай экспазіцыі ў скляпеннях і на ўзроўні адноўленых сценаў.

Цэглу для рэканструкцыі могуць вырабіць беларускія вытворцы.

Пры наяўнасці фінансавання, на рэканструкцыю Наваградскага замка спатрэбіцца пяць год.

Паводле начальніка упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ігара Чарняўскага, з бюджэта пакуль выдзелены 41,5 мільёнаў рублёў, яшчэ каля 60 мільёнаў плануецца атрымаць ад правядзення латарэі “Скарбніца”. Гэтыя сродкі пойдуць на падрыхтоўку толькі праектнай дакументацыі.

Наваградскі замак у 16 стагоддзі лічыўся адным з найбуйнейшых абарончых збудаванняў Цэнтральнай Еўропы, яго ўпрыгожвалі сем вежаў.

Замак будаваўся як рэзідэнцыя літоўскіх князёў.

Да сярэдзіны 18 стагоддзя тут праходзілі пасяджэнні Галоўнага трыбунала – вышэйшай апеляцыйнай інстанцыі вялікакняскага суда.

Паводле БелТА

Фота замка ў Наваградку з сайта http://lh4.ggpht.com