Абставіны ці асабісты выбар?

Праходзячы міма Брыгіцкага кляштару, заўсёды каля 13.30 убачыш натоўп людзей, якія паводзяць сябе трошкі больш вольна, чым іншыя і маюць не вельмі ахайны выгляд. Людзі гэтыя – бамжы, ці дакладней, тыя, хто не мае вызначанага месца жыхарства.


Каб высветліць, як гэтыя людзі апынуліся ў такім цяжкім становішчы, дзве карэспандэнткі ТС вырашылі падрабязней даведацца пра іх лад жыцця і прычыну, па якой гэтыя людзі апынуліся «за бортам». Мы з Вольгай доўга выбіралі, да каго ж можна падыйсці, каб адразу не «паслалі». Убачылі двух мужычкоў, якія, як нам падалося, не супраць пра сябе расказаць. І мы не памыліліся з выбарам. Пытанні нашыя былі простыя: як сталася, што вы прыходзіце сюды, у кляштар за ежай? Ці задавальняе тутэйшае харчаванне?

 

Адзін, больш гаваркі, нас здзівіў. Па-першае, яго ўсё задавальняе! Па-другое, у яго ёсць жыллё, нават мабільны тэлефон. Але зараз ён не працуе, таму што няма працы, і сродкаў не хапае на хлеб. Красці ён не збіраецца…

 

– Не тыя гады ўжо! – Крыкнуў хтосьці з натоўпу.

– Ды і не хочацца! – Парыруе «наш» мужычок.

>

Другі дзядзечка, які адгукнуўся на нашыя пытанні, прадставіўся Аляксандрам Аляксандаравічам і распавёў нам пра некаторыя моманты са свайго жыцця:

 

– Існуе некалькі шляхоў да становішча «бомж». Менавіта ў мяне гэта – аварыя, развод, турма.Часам лёс паварочваецца такім чынам, што няма выбару. Перад Богам мы ўсе роўныя: некалі я быў у больш высокім становішчы, зараз бомж… Але гэта не змяняе чалавечай сутнасці. Раней, калі глядзеў «Апошняга героя», смяяўся з тых, хто не мог там жыць. А зараз… «Кінь» каго ў горад з 10 тысячамі рублёў, прападзе. А мы выжываем. Вось у чым справа.

 

Між іншым, пад кляштар па прадукты прыходзяць і тыя, у каго пенсiя па 500-600 тысяч рублёў. У чым мы адразу і пераканаліся:

 

– У мяне вось і квартэра, і пенсiя. Замест таго, каб гатаваць, я лепей тут паем, – кажа знаёмы Аляксандра Аляксандравіча.

 

Ёсць сярод гэтай разнастайнай публікі і такія, хто адмыслова выбраў такі лад жыцця. Напрыклад, Прафесар. Так яго ўсе клікалі. Ён меў дзве вышэйшыя адукацыі, але казаў, што гэта яму не патрэбна і не цікава, ён хоча простага жыцця. Прафесар узгадаў пра рымскага імператара Дыяклетыяна, які адмовіўся ад трона на карысць вырошчвання капусты.

Не варта было пытаць пра распарадак дня і пра вольны час. Але мы спыталіся і пачулі ў адказ смех. «Графік» ва ўсіх вольны, паколькі ніхто нідзе не працуе. Некаторыя выходзяць на вуліцу і ідуць, куды ногі вядуць. Начуюць… Узімку – каля цепалавузлоў. Паводзіць сябе стараюцца ціха, каб людзі-суседзi не скардзiлiся, каб абыйшлося без iнцыдэнтаў з мiлiцыяй. Дарэчы, міліцыя забірала некалькі гадоў таму ў спецпрыёмнік у Лідзе, нібыта для высвятлення асобаў, але спецпрыёмнік той закрылі. Улетку спяць – дзе прыйдзецца.

 

Аляксандр Аляксандравіч увогуле пакутуе толькі ад таго, што не мае магчымасці прыгатаваць гарачую страву, а не ад таго, што няма дзе пераначаваць.

 

– А калi б у вас была магчымасць «падняцца трохi вышэй», вы б скарысталiся ёю?

– Напэўна – не. Мне ўжо не цiкава там. Бомж – гэта ўжо мой лад жыцця. Раней, напрыклад, у хiппi ішлі людзi, развітваючыся з маёмасцю. Вось манашкi: яны таксама прынялi свой лад жыцця, хаця сярод iх ёсць вельмi разумныя i прыгожыя.

 

Наш суразмоўца – чалавек некамунікабельны, нават мянушку мае: воўк-адзіночка. У любы момант можа пайсці, куды заўгодна, або ўтаропіцца ў газету.

 

– У вас ёсць асобныя сябры, цi вы ўсе разам кантактуеце?

– Ва ўсiх па-рознаму. Я, напрыклад, нейтральны чалавек. Вельмi многiх ведаю, нiкога не чапаю, і мяне таксама. Нешта нас і аб’ядноўвае (па два-тры чалавекi): справа ў тым, што для людзей – лiшняе, аказваецца карысным для нас. Тая ж бутэлька, як-нiяк, а каштуе 300 рублёў. Хаця чвэрць буханкі хлеба, але ўсё роўна – прыбытак… Даражэй каштуе метал: 1 кг і 40 тысяч адразу. Але гэта – медзь, яе не заусёды знойдзеш.

 

Абеды ў кляштары ўсіх цалкам задавальняюць. Ядуць тут кожны дзень, акрамя нядзелi. Раней нават давалі з сабой. Быў час, калі ў краіну пастаўлялі гуманітарную дапамогу і яна размяркоўвалася сярод бездомных.

Потым нашыя суразмоўцы прапанавалі нам наведаць невялiчкую выставу фотамастака Аляксандра Саенкі, пра каторую ўжо пісалі іншыя калегі па «ТС». Пачакаўшы, пакуль натоўп каля сталоўкі сыдзе, мы там пабывалi, зрабiлi некалькі здымкаў. Падзякавалi ўсiм за інфармацыю i пайшлi дамоў. У нас ён, на шчасце, ёсць…