Валанцёр – дурань, які працуе задарма?
Спадарыня Валянціна Радзівонцава дапамаге іншым, таму што – як сама кажа – «любіць людзей». Адзінае, чаго яна жадала б за свою працу, гэта тое, каб людзі, якіх падтрымала, дапамагалі іншым. Такім чынам, як гаворыць мая суразмоўца, збудуецца доўгі ланцужок дабрыні. Карысць ад гэтай валанцёрскай працы для спадарыні Валянціны вялікая. Галоўнае гэта маральнае задавальненне, радасць, што яна дапамагла яшчэ аднаму чалавеку выйсці з нястачы. Менавіта таму яна пазіцыянуе сябе валанцёрам, не гледзячы на тое, што ёй 70 гадоў. Якраз тады, калі я прыйшла ў іх сціплае падвальнае памяшканне, сп Валянціна каардынавала раздачу прадуктаў людзям, якія не магуць сабе іх набыць. Такіх гарадзенцаў, якім патрэбна дапамога, хапае. Таму спадарыня Валянціна збіраецца дапамагаць, пакуль сілаў будзе хапаць.
Кася, ініцыятар валанцёрскай групы, бачыць яшчэ адну карысць ад валанцёрскай працы – духоўнае развіццё саміх валанцёраў. Гэтае, і жаданне дапамагчы тым, каму гэта патрэбна, было прычынай стварэння групы. Пачаткова некалькі знаёмых сустракаліся адзін раз у год на Каляды, каб рыхтаваць Батлейку для дзяцей-сірот і інвалідаў. Потым, калі валанцёры ўбачылі, што могуць без праблем мець добрыя зносіны з дзецьмі, яны вырашылі часцей наведваць рэабілітацыйны дзіцячы цэнтр і гуляць з малышамі.
Акрамя задавальнення і духоўнага развіцця валанцёр можа атрымаць штосьці іншае – гэтак каштоўны прафесійны досвед. «Таварыства абароны правоў спажыўцоў гораду Гродна» на адным з сайтаў менавіта гэтым аргументам хоча прыцягнуць валанцёраў у свае шэрагі. І гэтае ім удаецца. Каля 10 студэнтаў юрфаку – валанцёраў кожны год дапамагае таварыству ў працы. Такі досьвед цэніцца працадаўцамі і моцна павялічвае шанцы на рынку працы.
Праца задарма не азначае яе бескарыснасць. Валанцёр не атрымлівае грошай за сваю працу, але атрымлівае штосьці іншае. А калі кагосьці не пераканаюць гэтыя аргументы, няхай прачытае словы з песьні польскага мастака С. Сойкі: «жыццё не толькі затым ёсць, каб браць, жыццё не толькі затым ёсць, каб без справы трываць, і каб жыць з сябе самога трэба даць».
Ілюстрацыя http://www.volonter-1.ucoz.ru