З-за павадка на Гродзеншчыне эвакуяваны 15 чалавек
Супрацоўнікі Гродзенскага МНС эвакуявалі да сваякоў 15 чалавек, чые дамы знаходзяцца ў небяспечнай зоне. Спецыялісты выправілі сітуацыю цягам дня, і начавалі людзі ўжо ва ўласных хатах.
Прэс-сакратар Гродзенскага МНС Наталля Жывалеўская паведаміла “ТС”, што сітуацыя гэта звычайная:
“Гэтыя людзі жывуць у нізкім месцы, і ужо прызвычаіліся, што кожную вясну іх падворкі падтапляе”.
Калі ў Гродна снега ўжо зусім не засталося, то ў раёне таянне працягваецца.
На мінулым тыдні выратавальнікі падрывалі лёд на Нёмане. Выбухі прагучалі ў Наваградскім раёне: там крыгі пагражалі пашкодзіць драўляныя масты.
Заяўкі да выратавальнікаў паступалі з Іўеўскага, Мастоўскага і Лідскага раёнаў.
Аднак, па словах Наталлі Жывалеўскай, спецыялісты ацанілі сітуацыю і вырашылі, што падрываць лёд больш няма патрэбы, таянне ідзе паступова.
Гродзенскія выратавальнікі сёлета ўжо не чакаюць вялікай вады і рыхтуюцца змагацца з веснавымі паламі травы.