Сябры БАЖ называюць сябе журналістамі неправамоцна

|

Сёння суддзя Анатоль Церах абвясціў сваё рашэнне: прэтэнзіі Мінюста да арганізацыі абгрунтаваныя і папярэджанне адмене не падлягае.

Нагадаем, БАЖ абскарджваў папярэджанне, вынесенае арганізацыі 13 студзеня, у якім гаворыцца, што на вокладцы пасведчання члена БАЖ неправамерна размешчаны надпіс “Прэса” (на беларускай і англійскай мовах), бо гэта парушае нормы закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

Такім чынам, паводле Мінюста, мае месца «неабгрунтаванае прысваенне» паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі.

Да таго ж, Цэнтр прававой абароны СМІ, які дзейнічае пры БАЖ, паводле Мінюста, не прадугледжаны статутам грамадскага аб’яднання, а задачы гэтага фарміравання, выкладзеныя ў палажэнні аб ім, выходзяць за межы статутных задач ГА «БАЖ».

Міністэрства юстыцыі абавязала кіраўніцтва БАЖ цягам месяца сабраць усе выдадзеныя пасведчанні сябраў арганізацыі і ліквідаваць астатнія парушэнні.

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец зазначыў, што рашэнне Вярхоўнага суда ўваходзіць у сілу з моманту яго абвяшчэння.

«Хаця гэты парадак парушае канстытуцыйныя палажэнні, мы падумаем, як можна яго абскардзіць. Мы будзем выкарыстоўваць усе наяўныя ў нас магчымасці, у тым ліку і скаргі ў наднацыянальныя органы», — падкрэсліў Бастунец.

Паводле БелаПАН