Гарадзенскія ўлады атрымалі прапанову ад маладых навукоўцаў

|

Аўтары ліста прапаноўваюць сваю дапамогу ў распрацоўцы і рэалізацыі прапанаванай канцэпцыі ўсталявання шыльдаў і гатовыя разам з гарадскімі ўладамі шукаць грошы на развіццё інфармацыйна-турыстычнай інфраструктуры Гродна.

На думку аўтараў ліста, размяшчэнне ў гістарычным цэнтры горада разнастайных шыльдаў з цікавай гістарычнай інфармацыяй дапаможа турыстам адчуць атмасферу мінулага горада, даведацца больш пра яго гісторыю, адшукаць дарогу да важных культурных аб’ектаў, заахвоціць яго да больш грунтоўнага азнаямлення з горадам.

Усё гэта зробіць побыт турыста ў Гродна больш камфортным і заахвоціць наведаць наш горад яшчэ не адзін раз.

Маладыя навукоўцы прапануюць усталяваць у горадзе тры катэгорыі шыльдаў.

Першая катэгорыя – шыльды каля гістарычных помнікаў.

На іх будуць змешчаны звесткі пра даты пабудовы, архітэктурны стыль, заснавальнікаў, архітэктараў, асноўныя падзеі ў гісторыі будынка ад заснавання да сённяшняга дня, а таксама цікавыя выявы помніка, якія паходзяць з мінулага.

Такія шыльды прапануецца змясціць ля Каложскай царквы, Ніжняй царквы (на тэрыторыі Старога замка), Старога замку і шэрагу іншых помнікаў.

Другая катэгорыя – шыльды, прысвечаныя гісторыі вуліц ці плошчаў. Гэтыя шыльды прапануецца ўсталяваць на пачатку вуліц/на плошчах.

>

Баранавічы. Вуліца Савецкая, на якой размешчаны шыльды з гістарычнымі назвамі вуліцы ў розныя перыяды часу: Марыінская, Шэптыцкага і інш.

 

Трэцяя катэгорыя – шыльды з выявамі прац знакамітага мастака Напалеона Орды.

Іх прапануецца ўсталяваць у тых месцах, адкуль мастак маляваў Гродна ў 1860-х гг.

 

Прыклад сумяшчэння сучаснага выгляду Гродна з малюнкамі Напалеона Орды. Такога кшталту шыльда магла б з’явіцца побач з Фарным касцёлам.

 

Наведвальнікі горада будуць мець цікавую магчымасць непасрэдна на мясцовасці агледзець не толькі сучасны горад, але і тое, што яны пабачылі б тут амаль 150 гадоў таму.

Варшава. Спецыяльныя кубы з рэпрадукцыямі карцін мастака 18 ст. Бернарда Белота з выявамі тагачаснай Варшавы.

 

Прапанаваны маладымі навукоўцамі падыход да развіцця інфармцыйна-турыстычнага патэнцыяла Гродна базуецца на досведзе замежных краін, у тым ліку Польшчы (Кракаў, Люблін, Варшава), Украіны (Львоў) і Літвы (Вільнюс).