Вакол Астравецкай АЭС кіпяць жарсці

|

Нацыянальны экалагічны цэнтр Украіны распаўсюдзіў заяву па выніках грамадскіх слуханняў, якія адбыліся ўчора ў Кіеве.

У заяве гаворыцца, што напярэдадні слуханняў грамадскія арганізацыі Беларусі і Ўкраіны прадставілі шмат аргументаў супраць праекта пабудовы Астравецкай АЭС.

У прыватнасці, эколагі звяртаюць ўвагу на шматлікія парушэнні ў час абмеркавання прадстаўленай беларускім урадам ацэнкі магчымага ўдзеяння будаўніцтва на навакольнае асяроддзе, на тое, што такога кшталту станцыі дагэтуль яшчэ не будаваліся і таму іх бяспека не правераная на практыцы, на дарагавізну і скрайнюю небяспеку захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва і іншых радыёактыўных выкідаў.

Свой унёсак у дыскусію вакол праекта пабудовы беларускай АЭС зрабіў учора і амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску ён заявіў, што калі беларускі бок прапаную сумеснае фінансаванне гэтага праекта кітайцам, то Расія адмовіцца ў ім удзельнічаць.

Гэта звязана з тым, што расійскія спецыялісты не жадаюць дзяліцца сваімі інавацыямі ў гэтай галіне.

Генеральнае пагадненне з нашай краінай на будаўніцтва АЭС расійскі “Атомстройэкспорт” плануе падпісаць у другой палове 2010-га г.

Год таму Беларусь папрасіла ў Расіі крэдыт на 9 міліярдаў даляраў на будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Заява Сурыкава стала сваеасаблівым адказам Расіі на зварот Аляксандра Лукашэнкі да Кітая з прапановай узяць удзел у беларускім атамным праекце.

Запрашэнне было зроблена 25 сакавіка ў час візіту ў Беларусь  кітайскай урадавай дэлегацыі.