Гродна – Друскенікі: дэкларацыя аб намерах
Ад учарайшняга дня ў Гродне знаходзіцца дэлегацыя з Друскенікаў на чале з намесніцай мэра гэтага літоўскага горада Крысцінай Мішкенене.
Разам з ёй прыехалі кіраўнікі ўстановаў адукацыі і культуры, якія спадзяюцца знайсці ў Гродне партнёраў для рэалізацыі сумесных праектаў за кошт сродкаў Еўрапейскай камісіі.
Праекты маюць тычыцца найперш культуры, адукацыі і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Гарадзенскія ўлады спадзяюцца на вялікі досвед Друскенікаў у справе прыцягнення еўрапейскіх інвестыцый.
З выкарыстаннем еўрапейскіх грошай у гэтым курортным горадзе актыўна будуюцца новыя СПА-цэнтры, гарналыжнай траса пад дахам, мадэрнізуецца служба хуткай медычнай дапамогі, ствараюцца цэнтр сацыяльных паслуг і маладзёжны цэнтр.
>
Гэта ўжо не першая спроба наладзіць супрацоўніцтва паміж Гродна і Друскенікамі. Яшчэ ў мінулым годзе абодва бакі дэкларавалі стварэнне веладарожкі, якая звяжа абодва гарады.
Рэальная праца па рэалізацыі гэтага праекта, аднак, пакуль не пачалася.
На здымку: супрацоўніцтва паміж Гродна і Друскенікамі сёння нагадвае гэты кавалак чыгункі, якая калісьці звязвала абодва гарады.
Фота: victogan.livejournal.com/189416.html