Прыбіральні бываюць розныя: чыстыя, брудныя і кур’ёзныя
Пра гэта не сорамна казаць, таму што факты прымушаюць задумацца над такой простай рэччу, як прыбіральня. Прыбіральня – дадатковае марнаванне грошай, але ж гэта і месца, без якога немагчыма абыйсціся.
Калі ты не дома, а табе вельмі трэба, куды ісці?
> |
|
Калі хочаш схадзіць прыстойна, выкладзі з кішэнні 600 рублёў, табе дадуць кавалак паперкі і выдзяляць утульнае месца. У некаторых прыбіральнях Гродна ёсць магчымаць даплаціць і купіць… цэлы рулон паперы. «На ўсіх хопіць», – смяюцца прадаўцы.
У самых «гарачых кропках» трымаць і эксплуатаваць прыбіральню вельмі выгадна – гэта пік збору грошай. Калі ідзеш па правай набярэжнай, бачыш за кіламетр прымацаваныя таблічкі з накірункамі, як трапіць да неабходнага месца. А калі даходзіш да патрэбнага пункту, то «характэрныя пахі» даюць зразумець, што людзі робяць свае справы, недаходзячы да прыбіральні. На Савецкай плошчы ў цэнтры такі «нумар» не пройдзе – навокал адкрытая прастора і шмат людзей. Пад мастом – іншая справа.
Але і побач з Савецкай (за крамай «Баторыя») я знайшла бясплатнае месца – арыгінальную біяпрыбіральню. Ісці да яе трэба ў гумавых ботах – вакол бруд, побач раскіданае смецце. Тут і небяспечна – можна праваліцца ў бруд. Акрамя бамжоў вакол, я больш нікога не заўважыла… Але гэтая прыбіральня яшчэ расчыняе дзверы гараджанам, іншая карціна мяне больш здзівіла: стаіць біяпрыбіральня, а на дзвярах – замок. Каму спатрэбілася такая дзіўная малая архітэктурная форма? Ці жыхары дамоў вырашылі пазбавіцца ад рэзкага паху?
А калі твая «персанальная» прыбіральня становіцца грамадскай, гэта ўжо зусім не весела.
Цэнтр Гродна, безумоўна, выдатны, але ж варта толькі забегчы ў двары, і ў некаторых выпадках становіцца сумна, што людзі яшчэ так жывуць. Я знайшла прыкрытую дошкамі старую грамадскую прыбіральню: асяроддзе зусім не цешыць, такое адчуванне, што да яе нікому і справы няма, але вакол жывуць людзі, якія не абароненыя не толькі ад пахаў, але і ад хваробаў.
ЖЭС скідвае плату за паслугі, дапамагае неяк падтрымаць вонкавы выгляд «інтымнага месца». Але ж жыхары гатовыя ўсё аддаць, каб мець прыстойныя ўмовы. Бегчы ноччу з трэццяга паверху, пераскокваючы праз алкашоў, якія ляжаць пад нагамі, натыкаючыся на пацукоў, якія нават не баяцца святла фанарыка… Жах! Таму і ставяць у кватэры вядро. Ці «ўзводзяць» прыбудовы, але ж хутка прыбягаюць законнікі і выпісваюць немалыя штрафы.