Сёння ўступіў у сілу новы Візавы кодэкс Еўрасаюза

|

Візавы кодэкс ЕС, пра які “Твой Стыль” пісаў раней, уступае ў сілу сёння. Ён накладае шэраг новых абавязкаў, якія мусяць выканаць жыхары трэціх краін, каб атрымаць візу і ўехаць у Еўрасаюз.


Новыя нормы ўніфікуюць працэдуру звароту і выдачы шэнгенскай візы. Візавыя аддзелы консульстваў будуць абавязаныя абгрунтоўваць адмову выдачы візы. Таксама такую адмову можна будзе абскардзіць.

Пашпарт, які падаецца для атрымання візы, мусіць быць выдадзены не больш за 10 год таму. Да таго ён павінен мець не менш за дзве чыстыя старонкі, прыдатныя для ўклейвання віз.

У перспектыве, абавязковым будзе складанне адбіткаў пальцаў у амбасадах і консульствах краін ЕС. Адбіткі будуць захоўвацца ў консульстве на працягу 59 месяцаў. Калі ў гэтым часе асоба звернецца па наступную візу, другі раз “катаць пальцы” не прыйдзецца. Першымі рэгіёнамі, дзе ўвядуць гэтую працэдуру, будуць Паўночная Афрыка, Блізкі Ўсход і раён Персідскага заліву.

Новыя візавыя правілы былі прынятыя Еўрапарламентам і Саветам ЕС у чэрвені 2009 года.