Дзяўчына, сядзіце і маўчыце!
Ніякіх прадуктаў у мяне не было, толькі дамская сумачка. Адразу падышоў мужчына – у швэдры, куртцы, без апазнавальных знакаў (бэйджа, формы ці чаго яшчэ:
– Прайдземце, – і акуратна так мяне за руку і назад. Ну, думаю, пакажу сумачку, чалавек выбачыцца і я пайду. Праходзім у нейкую падсобку, там сядзяць жанчыны, падобныя на бухгалтарак. Я дастаю на стол змесціва сумачкі і паказваю пустую. Гляджу на «ціпа ахоўніка» і чакаю выбачэнняў. А ззаду яго ў дзвярах сабралася ўжо колькі чалавек і таксама назіраюць. У рэшце прапаноўваю выбачыцца – мяне ж затрымалі дарма?
І тут чую нахабнае і агрэсіўнае:
– Ну што, выклікаем міліцыю?
Я шакавана гляджу на гэтага супрацоўніка – з якой нагоды? І пасля раблю меркаванне, што яму абсалютна не хочацца выглядаць «няправым» перад калегамі – прывёў, прымусіў паказаць, а пасля выбачайся перад нейкай дзеўкай. Хоць гэта нармальны цывілізаваны падыход – у вялікіх крамах сапраўды шмат крадуць, і прадаўцы мусяць пасля сплочваць недастачу. Таму ахоўнікі асабліва пільныя. Аднак пры гэтым карэктных паводзінаў з кліентам (а залатое правіла рынку кажа, што кліент заўсёды мае рацыю) ніхто не адмяняў. Тады я спакойна сядаю на вольнае крэсла і кажу, каб выклікаў, калі бачыць у гэтым неабходнасць.
Ён трохі здзівіўся і ўжо менш упэўнена перапытаў:
– Дык я выклікаю?
– Канешне.
Чаго ён зрэшты чакаў? Што пры слове «міліцыя» я затрасуся і з тысячай прабачэнняў хуценька звалю? Але міліцыя ахоўвае (прынамсі павінна) правапарадак грамадства – а гэта не толькі крамы «Евроопт», але і мяне таксама. Па ўсім відаць, мужчына пра гэта неяк забыўся.
Пасля трэцяга перапытвання пра міліцыю ён выйшаў за дзверы тэлефанаваць. Тут ўжо прыйшла знерваваная мама. Калі я патлумачыла ёй сітуацыю, некалькі супакоілася і засталася чакаць са мной. Калі наш герой зноў увайшоў, я папрасіла кнігу прапановаў – маўляў, хачу занатаваць сваё бачанне якасці абыходжання з пакупнікамі ў «Евроопте». Мужчына не разгубіўся – сказаў, што толькі пасля таго, як прыедзе міліцыя. Дзе тут логіка? А па мне, яна відавочная. Я тут дакладна ўжо спалохаюся і пра кнігу забуду. Пачуўшы маё абурэнне, бухгалтарка павярнулася да мяне і таямніча выдала:
– Дзяўчына, сядзіце і маўчыце, гэта ў ВАШЫХ ІНТАРЭСАХ.
– Ах, у маіх? Значыць, і пра вас напішу!
Урэшце прыехала міліцыя ў асобе двух маладых лейтэнантаў.
– Так, што такое? Звінім? Паказвайце сумку.
Нічога не знайшлі, натуральна. Нават не было пачатага пакунку жавальнай гумкі.
– Значыць, схавалі пад вопраткай. Здымайце паліто, выварочвайце кішэні джынсаў.
Без курткі і сумкі я ўсё роўна звінела. Было відавочна, што больш няма дзе хаваць на сабе прадукты. Мы спрабавалі давесці, што магчыма, іх дэтэктар рэагуе на нешта яшчэ, акрамя іхніх штрых-кодаў, напрыклад, на мае фірмовыя джынсы. Такое часам бывае. Але ніхто не слухаў, і ўсе бачылі ўва мне злодзея.
Міліцыянты вырашылі выклікаць жанчыну-следчую, якая можа агледзець мяне больш дэталёва. Я пачувала сябе галоўнай гераіняй драмы абсурду. Але следчая сказала, што ў яе выходны і не паедзе.
– Значыць, едзем у раённы аддзел міліцыі.
Натуральна, майго меркавання ніхто не пытаў. А пакуль чакалі адказу дзяжурнага з райаддзелу, я прапанавала прынесці ўсё-ткі кнігу прапановаў – балазе, час ёсць і рабіць няма чаго. Напісала даволі шмат і ва ўсіх дэталях, пакінуўшы прозвішча і пасаду гэтага кантралёра і бухгалтаркі, свае каардынаты. Тое, што гэта быў кантралёр, я даведалася толькі з прыездам міліцыі. Да гэтага ён катэгарычна не хацеў паказваць бэйдж і казаць, што ён мусіць рабіць у такой сітуацыі. А пра абавязкі міліцыянт лаканічна, але шматзначна кінуў:
– Паверце, у іх вельмі вялікія паўнамоцтвы…
У райадддзеле павялі мяне да начальніка. Ён моцна спяшаўся, таму адразу перайшоў да справы:
– Так, сядай. Кім працуе твой бацька?
Я прапанавала казаць мне «вы», розніца ва ўзросце паміж намі была не надта вялікая, выглядаў начальнік маладым. І далей патлумачыла, што калі ён збіраецца мяне «раскалоць», то толькі зацягне час. Я нічога не брала, у дэтэктара глюк, а іх кантралёр увогуле неадэкватны. І няхай выклікаюць каго заўгодна, але я буду стаяць на сваім моцна. На гэтым размова скончылася. Галоўнае, каб я ў пратаколе зазначыла, што не маю прэтэнзій да міліцыі. Я іх сапраўды не мела, яны выконвалі сваю працу, і паводзілі сябе са мной прыязна.
Далей начальнік патлумачыў, што дакументы па гэтай СПРАВЕ (а яе будуць весці 10 дзён, пасля чаго вынясуць рашэнне) накіруюць у краму, якая выклікала міліцыю. Калі я вырашу звярнуцца ў суд ці ў таварыства абароны правоў спажыўцоў, то адвакат ці таварыства змогуць скапіраваць гэтыя дакументы. Мне асабіста ніхто нічога не дашле і ніякага рашэння не паведамяць. Праўда, у выпадку, калі прызнаюць невінаватай…
І адпусцілі. То бок, пасля таго, як я адтуль сышла, следчы цягам 10 дзён будзе вызначаць, скрала я ўсё-ткі нешта ці не… Цікава, якім з дэдуктыўных метадаў?
Безумоўна, у той дзень я была гатовая звярнуцца адразу ў Страсбург. Таварыства абароны правоў спажыўцоў для мяне выглядала проста дробязна ў параўнанні з нанесенай мне маральнай стратай. Але бягучыя справы, прыгатаванні да Вялікадня, а галоўным чынам перажыты стрэс мамы, якая катэгарычна не хацела, каб я разбіралася далей, патроху адсунулі мой паход у «Евроопт». Аднак напярэдадні Вялікадня я атрымала заказны ліст акурат ад гэтай самай крамы за подпісам дырэктара. Крама прыносіла свае прабачэнні і тлумачыла, што яны зрабілі, каб прадухіліць такія сітуацыі.
>
Я не зларадная, па вялікім рухунку, але пэўны момант сатысфакцыі я адчула. Гэты кантралёр, разам з бухгалтаркай, сто разоў падумаюць, перш чым прыніжаць чалавека і грэбліва ставіцца да чыіх бы то ні было правоў. Бо, на жаль, дагэтуль у беларускай сферы паслуг дзейнічае залатое правіла савецкага рынку – пакупнік не можа мець рацыі апрыёры, якое сфармавалася ў тыя часы, калі тавары трэба было «даставаць», і гандляры былі недасягальным ідалам.