Малаток, як сведчанне кемлівасці
А цікава было неймаверна — у тралейбусах правяралі квіткі, і чарга тралейбусаў выбудавалася да скрыжавання, машыны стаялі нават на зялёным святле. А калі на вуліцы ўжо недзе было спыніцца, кантроль ад’ехаў.
Я задумалася, хто і чаму прыдумаў такі спосаб правяраць квіткі. Адказаць самой сабе я не змагла, затое зразумела, як у Гродна можна развучыцца спяшацца на працу.
Калі кантроль з’ехаў, спакой на вуліцу не вярнуўся. Праз хвіліну пад’ехала «дзевятка» і ўсе на прыпынку маглі ацаніць кемлівасць вадзіцеля: дзверы тралейбуса не адчыняліся і кіроўца «прыняў адпаведныя меры»: узяў малаток і пачаў стукаць у дзверы. Парамантаваў? Вядома!
Мяне ўразіў выраз твараў пасажыраў — ён не памяняўся. Нібы нічога не здарылася… Я не ведаю, у якой іншай краіне пасажыры так спакойна б ўсё гэта прымалі.
Беларуская «кемлівасць» за ўвесь час майго знаходжання ў Гродна ўразіла мяне яшчэ не адзін раз. Напрыклад, аднойчы зранку хтосьці ўпарта званіў у кватэру. Прайшла чвэрць гадзіны, а «хтосьці» не спыняўся. Я не вытрымала. На лесвіцы стаяла прыбіральніца і дарэмна намагалася адкрыць дзверы ў памяшканне са смеццеправодам. Ад мяне яна патрабавала ключ ад гэтага памяшкання і ціха (!) перапрасіла за тое, што мяне разбудзіла. А калі б нікога ў хаце не было? Зачынены і забіты смеццеправод ніхто б не прыбраў? Аказваецца – так, зараз зноў смеццеправод забіўся, і ўжо 2 тыдні яго ніхто не можа прабіць. Няўжо толькі з-за таго, што жыхары ходзяць на працу, а адпаведныя службы не маюць ключоў?
Не, лепш тут нічому не здзіўляцца. Хопіць часам пасмяяцца, нават скрозь слёзы. Напрыклад, маім гасцям было не да смеху, калі ў адну нядзелю, зноў рана-рана, калі мы толькі адсвяткавалі мой дзень народзінаў, суседзі пачалі рабіць рамонт і ўсіх разбудзілі. Грукаценне неверагоднае… Праз дзве гадзіны я прызналася – у мяне такое ўжо другі месяц, суседзі па начох і з 5-ці раніцы робяць рамонт, канца якому не відаць.
А можа і мы, палякі, падобныя да беларусаў, толькі не заўважаем гэтага. Бываем калі кемлівымі, а калі – смешнымі?