Уроцлаў – месца спатканняў

| Без катэгорыі

Тыя ж, хто быў там хоць раз, назаўсёды захаваюць у памяці незабыўную архітэктуру, у якой перамяшаліся традыцыі розных народаў і эпохаў, а таксама славутых уроцлаўскіх «красналяў» – сімвалаў «памаранчавай альтэрнатывы» замшэламу камуністычнаму рэжыму, які дажываў у 80-я гады ў Польшчы свае апошнія дні.

 

Гісторыя Ўроцлава пачынаецца з 1000-га году. Менавіта тады Баляслаў Храбры заклаў тут біскупства. У XIV стагоддзі горад пераходзіць пад чэскую карону і двума стагоддзямі пазней становіцца часткай аўстрыйскай імперыі Габсбургаў, у 1740-м г. пераходзіць да Прусіі.

 

Па сканчэнні Другой Сусветнай вайны Брэслаў становіцца Ўроцлавам, нямецкае насельніцтва змяняецца перасяленцамі з Украіны і Беларусі, а таксама іншых рэгіёнаў Польшчы. Усе гэтыя перамены стварылі непаўторны знешні выгляд гораду, а таксама атмасферу, якая пануе ў ім. Зроблены карэспандэнтамі «Твайго стылю» рэпартаж можа перадаць толькі невялікую частку ўражанняў і краявідаў, якія чакаюць тых, хто апынаецца ў гэтым горадзе ўпершыню.

Тумская выспа. Месца, адкуль пачалася гісторыя гораду. Над велічным Одэрам узвышаецца катэдра Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваная ў ХІІІ-ХV стст. на месцы першай катэдры (1000 г.). Адбудаваная па апошняй вайне з руінаў.

Гонар Уроцлава – гарадская Ратуша, якая разбудоўвалася на працягу ХІІІ-ХVІ стагоддзяў.

Уроцлаў доўгі час змагаўся за права стаць універсітэцкім горадам. Суседнія Кракаў і Прага не жадалі мець пад бокам канкурэнта. У ХVІІІ ст. горад усё ж дамогся права пабудаваць уласны ўніверсітэт і пастараўся зрабіць яго адным з найбольш прыгожых і велічных у Еўропе.

Аўля Леапальдзіна – самая прыгожая ўніверсітэцкая зала. Тут адбываюцца самыя ўрачыстыя ўніверсітэцкія цырымоніі, прымаюцца кіраўнікі дзяржаваў і іншыя высокія госці.

З нядаўна адкрытай для наведванняў універсітэцкай вежы адкрываецца шыкоўны від на горад.

>

Былы кляштар ордэну крыжакаў, у якім зараз месціцца славуты Асалінэўм – бібліятэка роду Асаліньскіх, перавезеная ва Ўроцлаў у 1946-м годзе са Львову. Лічыцца найбагацейшым зборам старадрукаў, рукапісаў, мапаў і іншых твораў у Польшчы.

«»Пераход. 1977-2005» – адзін з самых арыгінальных помнікаў ва Ўроцлаве. Адчынены ў ноч на 13 студзеня 2005 г., у чарговую гадавіну ўвядзення ў 1981 г. у Польшчы ваеннага стану. З аднаго боку вуліцы людзі заходзяць пад зямлю, а з іншага – выходзяць на паверхню.

Вітраж з выявай Папы Рымскага Яна Паўла ІІ – прыклад сучасных формаў аздаблення гораду.

Уроцлаўскія «красналі» – сімвал часоў «памаранчавай альтэрнатывы» 80-х гадоў. Маладыя жыхары гораду апраналіся ў касцюмы гномаў ды раздавалі на вуліцах гораду ўлёткі ды іншую літаратуру, якая распавядала пра сутнасць камуністычнага рэжыму.

Міліцэйскія пратаколы тых часоў часта ўтрымлівалі запісы кшталту «затрымалі пяць гномаў, якія раздавалі антыўрадавую літаратуру».

У памяць пра тыя часы ў розных месцах гораду пазней з’явіліся мініатурныя выявы гномаў.

Хтосьці з іх нясе варту, хтосьці сядзіць за кратамі, хтосьці грае ў гольф і г.д.

 

Лёс шмат разоў выпрабоўваў гэты горад. Ён гарэў у полымі войнаў, заліваўся водамі неспакойнага Одэру, спазнаў вялікае перасяленне народаў, але захаваў свой непаўторны выгляд.

Уроцлаў – месца спатканняў. Так называюць свой горад яго жыхары. Там сапраўды трэба быць.

 

Фота Ланы Руднік