Мошчы св.Матроны будуць вандраваць па Гродзеншчыне 25 дзён

|

У суботу праваслаўныя вернікі і святарства Гародні будуць сустракаць мошчы святой Матроны Маскоўскай, кананізаванай РПЦ у 2004 годзе ў якасці прарочыцы і цудатворцы.


Урачыстая богаслужба з акафістам да святой Матроны пачнецца ў Свята-Пакроўскім катэдральным саборы ў 12 гадзін.

Каўчэг з часцінкамі мошчаў святой застанецца ў саборы на тры дні.

Пасля гэтага святыня будзе выстаўлена ў кожным з праваслаўных храмаў горада.

27 красавіка мошчы сустрэнуць у Скідзелі, 29 – у Шчучыне, 1 мая – у Мастах, 3 мая – у Ваўкавыску, 5 мая – у Зэльве, 7 – у Бераставіцы, 9 – у Свіслачы.

Каўчэг з часцінкамі мошчаў святой Матроны прыбудзе ў Гародню з Архангельска.

З 1999 года парэшткі святой захоўваюцца ў маскоўскім Пакроўскім манастыры.

Матрона Ніканава нарадзілася ў 1881 годзе ў сялянскай сям’і ў Тульскай губерні.

Дзяўчынка ад нараджэння была сляпой, пазней у яе адняліся ногі, аднак з дзяцінства Матрона дапамагала людзям сваім дарам ацалення і прароцтва.

Яна памерла ў 1952 годзе і была пахаваная ў Маскве.

На фота: выява іконы св.Матроны з сайта http://s45.radikal.ru