Трэцяя гульня без перамогі і без галоў
…Гэтую сустрэчу можна было не прайграць, але і перамагчы ў ёй было таксама немагчыма.
Прынамсі, з такой гульнёй, якую зноў прадэманстравалі гарадзенцы ў атацы.
За два таймы пара паўмомантаў для таго, каб забіць гол – вось і ўвесь “актыў” атакі гарадзенцаў.
На іх фоне госці выглядалі больш мабільнымі, больш тэхнічнымі.
Ужо на 9-й хвіліне мяч толькі цудам размінуўся з брамай “Нёмана”.
Мінае яшчэ дзесятак хвілін і гарадзенцаў ратуе ўжо штанга.
Затым двойчы небяспечна б’е штрафныя капітан гасцей Кісляк.
Трэці яго ўдар са штрафнога ў сярэдзіне другога тайма станецца ракавым для гаспадароў…
Трэнер гасцей Сяргей Гурэнка (злева) павёз з некалі роднага для сябе стадыёна тры ачкі…
Можна колькі заўгодна спасылацца на шматлікія памылкі на карысць гасцей з боку суддзі (сумнеўным з трыбун выглядала і прызначэнне таго самага штрафнога, з якога быў забіты гол), але … эмоцыі забудуцца, а лік застанецца.
Гарадзенцы стараліся, змагаліся за кожны мяч.
>
Добрую гульню выдалі Савасц’янаў (на здымку ў цэнтры), Надзіеўскі, упарта прадзіраліся скрозь абарону гасцей паўабаронцы Валадзянкоў і Лявіцкі, але гульні, якой чакаюць ад каманды заўзятары, зноў так і не атрымалася.
А наперадзе – гульня 18 красавіка ў Барысаве супраць лепшай каманды краіны – БАТЭ…
Фота Яраслава Ванюкевіча