Уцёкі ад гарадской мітусні
На рацэ можна ўбачыць і маленькіх рыбакоў, якім па 9-10 гадоў, і вельмі сталых людзей. Узрост у такой справе – не галоўнае, а галоўнае тут – надвор’е, азарт, пазітыў, цярпенне і, вядома, надзея на падарункі фартуны, дакладней – ракі.
>
Поспехаў я жадала ўсім рыбакам, якіх сустракала ў часе «паходу» на Нёман за рыбацкімі гісторыямі. Як аказалася, у нашай рэчцы можна злавіць нямала рыбы, на ўху сапраўды хопіць. Верхаводка і плотка былі амаль у кожнага ў посудзе. Для тых, хто жыве ў горадзе і не мае магчымасці далёка ехаць за ўловам, Нёман – рэальны шанец паласавацца ўласнай здабычай.
Кожны рыбак мае свае сакрэты і «забабоны»: камусьці ловіцца, калі свеціць сонца, камусьці патрэбны цень, а ў кагосьці проста па гараскопе ў справах спадарожнічае поспех. Адзін рыбак кожны год ловіць рыбу толькі на левым беразе і на адным і тым жа месцы, ён сказаў мне: «Не ведаю чаму, але мне тут шанцуе, можа тут рыба мяне не адчувае?».
Дарэчы, дзівакоў на маім шляху было шмат.
У крамах такі багаты выбар: рыба марская, рыба рачная, бяры, што жадаеш і часу марнаваць не трэба. Дык чаму ж з кожным годам колькасць рыбакоў не памяншаецца, а наадварот, расце? У чым сэнс такога «хобі»?
Аляксей Андрэевіч (37 гадоў): У кожнага чалавека ёсць сваё хобі, у мяне гэта – рыбалка. Гэта як наркотык, так зацягвае. У мяне цэлы план, сам распрацаваў!, захопу рыбы: заўсёды трэба прадумаць якую прыладу ўзяць, які кручок, які падкорм. Таму, не так гэта лёгка, як вам здаецца.
І, у пацверджанне, ён мне паказаў вялікі пакет сумесі: прыкорм быў большым, чым улоў.
Ігар Пятровіч (42 гады): Рыбалка – гэта ўцёкі ад гарадской мітусні, хоць рыбалка і ў горадзе, усё роўна тут цішэй… А вось і сонейка выглянула, хораша! Хіба я не правы?
Аляксандр Вячаслававіч (63 гады): Што пенсіянеру рабіць, калі ў кватэры вельмі душна, а заняцца няма чым, ды і пенсія невялічкая. А я выйду з раніцы, пасяджу на рэчцы да вечару, вось і на вячэру назбіраецца.
Трапіліся мне на вочы і два падазроных рыбака, якія перабівалі ціхую атмасферу сваім смехам. Я не магла прайсці міма іх. Як выявілася, прыяцелі паспрачаліся, хто больш зловіць. Шкада, што я не дачакалася фіналу гэтай гульні.
Пасля я сустрэла дзядулю з унукам. Унук толькі пачатковец у рыбацкай справе, аднак, сапраўдныя рыбакі растуць з дзяцінства, аб гэтым мне распавёў яго дзядуля. Рыбаком стаць ніколі не позна.
Фота аўтара