Танец на могілках

|

Рашэнне аб пахаванні трагічна загінуўшага прэзідэнта Леха Качыньскага ў Вавельскай катэдры, поруч з Пілсудскім і Сікорскім, ды недалёка ад нашых агульных славутых каралёў, здаецца найменш неабдуманым. Відавочна, што яно не магло не выклікаць хвалі дыскусій і спрэчак аб мэтазгоднасці такога выбару і асабістай годнасці Качыньскага быць пахаваным у такім месцы. Што, у сваю чаргу, парушыла мудры прынцып «аб памерлых або добра або нічога (прынамсі да пэўнага часу)». І жалоба, фармальна падоўжаная да 18-га, скончылася ўжо праз тры дні.

 

Ужо каторы раз, здаецца, маюць рацыю тыя, хто наогул не выказваецца. Бо як, захоўваючы адпаведную моманту павагу, спрачацца пра магілу прэзідэнта? Як не сысці да прастацкіх эмоцый, або наадварот, да нечалавечага рацыяналізму? Ці варшавяк не павінен ляжаць у Варшаве? Чым могілкі Павонзкі, дзе пахаваныя дзесяткі выбітных палякаў (у тым ліку бацька братоў Качыньскіх), горшыя за Вавель? Хто канкрэтна выбраў Вавель?

 

З аднаго боку зразумела, што змяніць месца пахавання цяпер наўрад ці атрымаецца, і пратэсты пад акном кракаўскага кардынала – дурасць. Усе зацікаўленыя згадзіліся, лідэры шматлікіх дзяржаў запрошаныя. З іншага боку, ёсць лагічнае мысленне: калі Вавель – агульнанацыянальная спадчына, дык народу вырашаць перадусім, хто там мае права быць пахаваным. Ізноў, з іншага боку: што азначае рашэнне народу? Рэферэндум у такой справе? Даруйце, гэта ўжо не смешна. Даруйце яшчэ раз, гэта ніколі смешным і не было.

 

Апошнія дні фэйсбук даводзіць мяне да шаленства. Мноства польскіх сяброў, сяброў сяброў і знаёмых знаёмых мне хочацца проста выдаліць са спісу кантактаў. «Супраць нацыянальнага стадыёну імя Качыньскага!», «За нацыянальны стадыён імя Качыньскага!», «Супраць пахавання Качыньскага на Вавелю!», «За пахаванне Качыньскага на Вавелю!», «Супраць кандыдата ў прэзідэнты Камароўскага!», «За нацыянальны стадыён імя Качыньскага на Вавелю!», «Супраць!», «Ганьба!» – гэта толькі невялікая частка заклікаў у польскім інтэрнэце. Палякі, якіх я – перакананы паланафіл – стаўлю заўсёды ў прыклад, паказалі сябе з найгоршага боку.

 

Што цікава, вельмі па-чалавечы вядуць сябе палітыкі, ад якіх заўсёды чакаеш хвалі паскудных выказванняў. Раптам апынулася, што яны могуць быць часам сапраўды заклапочанымі агульнай справай. Апынулася, яны маюць сумленне. Таму палякі нарэшце маюць шанцы на цывілізаваную палітычную кампанію, без тыповага вылівання літраў бруду на галовы апанентаў. Шкада, што з такой сумнай нагоды.

 

А што ў нас? Заангажаваныя польскія парталы ўжо паспелі паведаміць, быццам «Лукашэнка танчыць над ахвярамі» . Толькі ці не выглядае справа зусім наадварот? Можа гэта польскія крыклівыя і недарэчныя спрэчкі больш нагадваюць танец на могілках, незаўважны для некаторых праз бервяно ў воку з вядомага афарызму Ісуса? А наогул, дык якая каму да гэтага справа? Людзі загінулі. І гэта сумна.