Рэпартаж карэспандэнта “Твайго стылю” з пахавання Леха Качыньскага

|

Вайсковы самалёт з трунамі Леха і Марыі Качынскіх вылецеў з Варшавы ў восем гадзін раніцы і ўжо а дзевятай прызямліўся ў аэрапорце Баліцэ.

Адтуль жалобны картэж праехаў вуліцамі Кракава на Галоўны Рынак, дзе труны былі ўнесеныя ў Марыяцкі касцёл – адзін з сімвалаў горада.

Менавіта там у 14.00 пачалася пахавальная імша, якою меў адправіць дзекан кардынальскай калегіі кардынал Анжэла Садана, але ён не змог прыляцець з-за таго, што паветраная прастора над Еўропай ужо некалькі дзён зачыненая.

Таму імшу вёў даўні супрацоўнік Папы Яна Паўла Другога, кардынал Станіслаў Дзівіш.

Ён, як і большасць іншых прамоўцаў, падкрэсліваў аб’яднаўчы характар трагічных падзей мінулага тыдня і казаў аб польска-расійскім паяднанні.

Імша сабрала каля ста пацідзесяці тысяч чалавек, пераважна на Галоўным Рынку і ў яго ваколіцах.

Трансляцыя вялася таксама на вялікім полі недалёка цэнтру горада – гэтак званых Блонях, дзе традыцыйна адбываюцца імшы з удзелам Папы Рымскага ці вялікія музычныя фестывалі.

Сто пяцьдзесят тысяч гэта значна менш, чым спадзяваліся гарадскія ўлады.

Аказалася, што большасць людзей сачыла за пахаваннем ля сваіх тэлевізараў.

>

Тры самыя вялікія польскія каналы: дзяржаўны TVP і камерцыйныя TVN i Polsat дамовіліся аб супольнай поўнай трансляцыі кракаўскіх падзей.

У самім Марыяцкім касцёле былі месцы толькі для 800 VIP-персонаў, у тым ліку прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, прэзідэнта Літвы Даліі Грыбаўскайтэ ды іншых.

Непасрэдна ля сабору было яшчэ два віпаўскія сектары, для тых, хто не змясціўся ў касцёле.

Тэлеэкранаў для рэшты прысутных было мала і яны былі размешчаныя ў не надта зручных месцах.

Да таго, іх часткова закрывала вялікая колькасць сцягоў, якія людзі прынеслі з сабой. Але праблемаў з гукам не было.

Для прысутных гралі музыкі Берлінскай філармоніі.

У апошні шлях прэзідэнцкую пару праводзілі не толькі польскія і замежныя палітыкі, але і даўнія сябры з “Салідарнасці”, працоўныя верфяў з Гданьску, рэктары і прафесары вучэльняў, улады горада і ваяводства, гэтак званыя “гурале” (горцы), людзі з усіх рэгіёнаў Польшчы.

Польская чыгунка дала ў гэты ўікэнд дадатковыя цягнікі і вагоны (чым выклікала мноства пытанняў кшталту “А дзе гэтыя цягнікі ў звычайныя дні?”).

Таксама кракаўская гарадская камунікацыя дала дадатковя аўтобусы і трамваі. Праезд у гэты дзень быў бясплатны.

Каб трапіць на Рынак, людзі пачалі збірацца яшчэ перад пятай гадзінай раніцы.

У мінулы дзень некалькі гадзін распаўсюджваліся бясплатныя квіткі-пропускі на лепшыя сектары Рынка.

Пасля таго, як яны скончыліся і засталося мноства незадаволеных людзей, на інтэрнэт аўкцыёнах пачалі з’яўляцца пропускі коштам ад 150 да 1000 злотых.

За парадкам на рынку сачылі паліцэйскія і харцэры, дадатковыя машыны хуткай дапамогі прыехалі з суседніх ваяводстваў.

Пасля імшы картэж гэтак званым Каралеўскім Шляхам адправіўся ў сабор на Вавэлі, дзе ў склепе пад вежай Срэдных Званоў, побач з пахаваннем маршалка Юзэфа Пілсудскага, менш чым за два дні паўстаў саркафаг з оніксу.

Там скончылася фармальная частка цэрымоніі. Некалькі хвілін пасля восьмай, калі Вавэль пакінулі ўсе афіцыйныя дэлегацыі, першая група наведнікаў увайшла ў склеп, каб развітацца з прэзідэнтам і яго жонкай.

Дзеля гэтага Вавэль быў адчынены ўсю ноч і толькі паміж шостай і дзевятай раніцы яго зачынілі для апошніх праз пры саркафагу.

З-за актыўнасці ісланскага вулкана Эяфьядлаёкюдль на жалобную ўрачыстасць не змаглі трапіць такія асобы, як прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Абама, прынц Уэльсу Чарльз, кароль Гішпаніі Хуан Карлас і прэм’ер Хасэ Луіс Запатэра, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, прэм’ер Італіі Сільвія Берлусконі ці генеральны сакратар НАТА Андэрс Фог Расмусэн.

Агулам каля сарака делегацый з усяго свету была вымушаных адклікаць палёт.

Не было таксама прадстаўнікоў Еўрасаюза, калі не лічыць кіраўніка Еўрпарламента паляка Ежы Бузэка.

Сябра Леха Качынскага прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі паспеў прызямліцца ў падкракаўскіх Баліцах у апошні момант – ён дабраўся да Вавэльскага сабору, калі труны былі ўжо туды ўнесеныя.

Большасць дзяржаў, лідэры якіх не змаглі трапіць на ўрачыстасці, прадстаўлялі амбасадары.

Многія дэлегацыі дабіралася машынамі і цягнікамі: так зрабіў прэзідэнт і прэм’ер Чэхіі ці былы прэзідэнт Украіны.

Прэзідэнт Нямеччыны Хорст Кёльнэр дабіраўся на верталёце.

Беларусь прадстаўляў спікер Рады Рэспублікі Барыс Батура, амбасадар у Польшчы Віктар Гайсёнак і сакратар амбасады Юры Калабухаў.

Пастановай Рады Міністраў былі зачыненыя буйныя гандлёвыя цэнтры, працавала не больш чым палова дробных крамаў і кавярняў.

Да васьмі гадзін вечара немагчыма было набыць алкаголь.

Праблемаў з транспартам, якіх баяліся дарожныя службы, удалося пазбегнуць.

Надвор’е ўвесь дзень было сонечным і цёплым.

І ніхто не перашкаджаў пахаванню, нягледзячы на ранейшыя ананімныя лісты з пагрозамі акцый пратэсту.

 

Фотарэпартаж з вуліцаў Кракава (за выключэннем здымка саркафага) аўтара