Справа ваўкавыскіх прадпрымальнікаў скончаная

|

Прысуд будзе абвешчаны 6 мая. Прадпрымальнікі сваёй віны не прызналі. Падпалкоўнік міліцыі Казлоў, які апынуўся на адной лаве падсудных з Аўтуховічам і Асіпенкам, папрасіў у іх прабачэння за дзеянні сваіх былых калег.


Учора суд заслухаў апошнія словы падсудных: Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі, Аляксандра Ларына і Міхаіла Казлова.

Трое першых абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы тэракта супраць былога губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Саўчанкі і намесніка міністра на падатках і зборах Васіля Каменкі, Міхаілу Казлову інкрымінуецца тое, што ён ведаў пра змову, але бяздзейнічаў.

Аўтуховіч і Асіпенка сваёй віны не прызналі.

Мікалай Аўтуховіч выступаў дзве гадзіны. У апошнім слове ён заявіў, што справа супраць яго сфабрыкаваная за спробу барацьбы з карупцыяй і падрабязна распавёў пра факты карупцыі на Гродзеншчыне.

Аўтуховіч абверг паказанні Ларына, назваўшы іх паклёпам па загадзе следства і ў асабістых мэтах.

Міхаіл Казлоў у сваім выступе таксама не прызнаў сябе вінаватым і назваў артыкулы Крымінальнага кодэксу, парушаныя следствам пры расследаванні справы.

Выступ Аляксандра Ларына, які даў паказанні супраць Аўтуховіча і Асіпенкі, па словах праваабаронцы Вячаслава Сіўчыка, быў не вельмі звязны і лагічны.

Нагадаем, пракурор Э.Сафараў запатрабаваў для Аўтуховіча 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, для Асіпенкі і Ларына – па 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Казлова – тры гады калоніі агульнага рэжыму і пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады.