Дактыласкапія ў Беларусі стала абавязковай
Дактыласкапія будзе паступова праводзіцца ў РАУС і на базе ваенкаматаў.
Значная частка грамадзян ужо прайшла гэтую працэдуру, атрымаўшы адмысловыя запрашэнні з мясцовых аддзяленняў УС.
Адбіткі пальцаў у жыхароў Беларусі масава бяруць апошнія паўтары гады, тлумачачы гэта пошукам арганізатараў выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года.
Арганізатары і выканаўцы не знойдзеныя да гэтай пары.
Пачынаючы з 2002 года краіны Еўразвязу, Кітай, Мексіка, Японія ды іншыя пачалі ўводзіць паспарты, у якіх утрымліваюцца біяметрычныя дадзеныя ўладальнікаў: адбіткі пальцаў, двухмерныя і трохмерныя фотаздымкі і г.д.
З 30 верасня 2005 года працэдура дактыласкапіі і фотаграфаванне абавязковыя для ўсіх замежнікаў пры ўездзе на тэрыторыю ЗША.
Адбіткі пальцаў здаюць грамадзяне Беларусі, якія звяртаюцца па візы ў амбасады Францыі і Вялікабрытаніі.
Гэтыя захады робяцца з мэтай дапамагчы ў барацьбе з міжнароднай арганізаванай злачыннасцю, незаконнай міграцыяй і тэрарызмам.