У турму – за лоўлю рыбы сачком і рукамі
Першымі супрацоўнікі Смаргонскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі двух прыяцеляў, якія цягалі рыбу так званымі таптухамі.
Адзін з іх паспеў здабыць такім незаконным спосабам 103 платвы і 29 акунькоў, другі – 119 акунёў і 69 платвіц.
Як патлумачылі “Твайму стылю” ў Смаргонскай інспекцыі, каб кампенсаваць страты, нанесеныя дзяржаве, за кожнага акунька альбо платву браканьер мусіць заплаціць па 7 тысяч рублёў.
У час забароны рыбнай лоўлі падчас нерасту (з 1 красавіка да 30 мая), кожная рыбка каштуе ўжо 21 тысячу.
Такім чынам, шкода ад дзейнасці браканьераў склала 2,8 і 3,9 мільёны рублёў адпаведна.
Гэта азначае, што рыбы яны налавілі ў буйным і асабліва буйным памерах, што падпадае пад дзеянне 281 артыкула Крымінальнага кодэксу.
Акрамя кампенсацыі стратаў, аднаго з іх чакае штраф альбо 6 месяцаў арышту, другому пагражае да 6 год турмы.
Следчым перададзены справы яшчэ трох браканьераў.
Адзін з іх, 17-гадовы хлопец, голымі рукамі налавіў 100 шчупакоў, аднак рыбу ў нас дазваляецца лавіць толькі вудой ці спінінгам, таму, хаця рукі не ўнесены ў спіс забароненых прыладаў для лоўлі рыбы, хлопцу таксама пагражае крымінальная адказнасць.
Тым больш, што, калі адзін шчупак па ацэнцы інспекцыі каштуе 105 тысяч рублёў, то страты дзяржавы ў гэтым выпадку ацэньваюцца прыкладна ў 30 мільёнаў.
Апошнімі ў рукі інспектараў, а пасля і следчых, трапіліся лідскі школьнік, які лавіў шчупакоў і акунёў сачком, і ляснік з Гарадзенскага раёна, які таксама пільнаваў шчупакоў з сачком у руках.
Фота з сайта http://fish.geoman.ru