У апошнія 30 хвілін – не да кірыешак
Поўны ўражанняў пасля прагляду 3D фільма пра эпічную вайну грэчаскіх багоў і людзей, у кінатэатар ісці паасцярогся. Ну, шкада грошай было. Дзякуй славянскім піратам, што ўжо выкінулі ў торэнты кіношную версію стужкі.
Комікс «kick ass», на падставе якога зняты фільм, – не чарговая казка пра супергерояў. Гэта перад усім выбітыя зубы і выпушчаныя вантробы. Гэта нуль паліткарэктнасці і кпіна з сярэдняга амерыканца. Усё гэта засталося і ў самім фільме. Больш таго, фабула амаль ніколькі не адыходзіць ад першакрыніцы, можа толькі гісторыя кахання заканчваецца больш пазітыўна.
Галоўны герой Дэйв Лізэўскі, вядома ж, звычайны амерыканскі лузер. Ён не мае ніякага таленту, больш сур’ёзных зацікаўленняў, выхоўваецца бацькам, бо маці памерла год таму. Вучыцца Дэйв у старэйшым класе, мае двух такіх жа шэрых, як ён сяброў. Але яму падабаюцца коміксы, на іх і выдае бацькоўскія грошы. І вось, абчытаўшыся чалавекаў-павукоў і халкаў, трапіўшы колькі разоў на мясцовы гоп-стоп, наш герой думае, а ці не стаць яму супер-героем.
Першую спробу хутка і даволі рэалістычна спыняюць мясцовыя гопнікі. Але не здаецца смелы хлопец і ўлязае ў вялікія клопаты, праўда, паспявае стаць зоркай ютубаў і прыдумаць сабе псеўданім Піпец. Ну, чаго яшчэ чакаць ад тупога старшакласніка? Акрамя яго, у горадзе супергеройствуе сям’я ў складзе 11-гадовай дзяўчынкі і ейнага бацькі. Завуць яны сябе Вялікі Татка і Забівашка. Сям’я помсціць за маці шляхам феерычнай разні мафіёзі і наркагандляроў. Дэйв, вядома ж, ва ўсё гэта ўлязае.
Чаму не зняць фільм пра нармальнага таленавітага моцнага хлопца? Адкуль гэтая мода на лузераў? Ці не было б больш цікавым сутарэнне двух аднолькава яскравых ваяроў дабра і зла? А вось і не, кажуць нам аўтары стужкі. Бо шэрую масу складаюць як раз такія Дэйвы Лізэўскія. Яны толькі і могуць, што глядзець коміксы і марыць пра вялікія дасягненні ў недалёкай будучыні. Час усё ідзе, а нічога не змяняецца. Вось таму галоўныя пазітыўныя героі, яшчэ з часоў Зорных Войнаў, мягка кажучы, саступаюць сваім антаганістам.
Першую гадзіну фільм ідзе ў рваным тэмпе. То нам паказваюць, як Татка і Забівашка ліквідуюць чарговых неграў, гандлюючых какаінам, а потым з’яўляецца Дэйв са сваімі падлеткавымі клопатамі. Вядома, пару разоў і ён цешыць погляд як Піпец, але не часта. Галоўны мафіёзі – сволач тая яшчэ. Адкусвае ціскамі людзям пальцы, кідае «рускіх» калег у вялізарныя мікрахвалёўкі і ў той жа час пяшчотна выхоўвае свайго сына. А той, дарэчы, такі ж самы лузер, як і Дэйв. Дзякуй Богу, пра ягоныя клопаты мы чуем мала. То бок, такая лёгкая крывавая камедыя. Але, калі да фінальных тытраў застаецца паўгадзіны, пачынаецца нешта… Стужка ператвараецца ў моцную драму. За сцэну смерці Таткі – Оскар у пальмавых галінах усёй камандзе. Піпец перастае хныкаць, і далучаецца да карчавання Нью Ёркскай мафіі.
align=”left” >Музыка, спецыяльныя эфекты, бойкі, адсечаныя ногі: усё на вышэйшым узроўні, што не дзіўна для рэжысёра Мэццю Вона. У свой час ён быў прадусарам «Вялікага Кушу» і «Карты, грошы два ствалы». То бок, калі б’ецца Піпец, – гэта дваровая бойка, усе махаюць рукамі і нагамі, можа трапіць у чужога. Выглядае натуральна і смешна. А вось у госці да гандляроў наркотыкамі завітаў Татка. Спакойна і бязлітасна ён коле нажом, страляе проста ў пысы ворагам і закідвае іх гранатамі. Але ўсё гэта забываецца, калі ў кадр заходзіць Забівашка. Яна кладзе супастатаў літаральна натоўпамі. І пры тым так прыгожа, што аўтар артыкулу скакаў на крэсле і пляскаў у далоні. Ну, а фаталіці на галоўнага боса – ракета ў пуза – нікога не пакіне абыякавым.
Адзін з нешматлікіх негатыўных момантаў у фільме – акторская гра. Нават у такім сацыяльным трэшы яна не будзе лішняй. З асноўных персанажаў граюць роўна два. Галоўны злыдзень і Забівашка. Марк Стронг грае злобнага, але ў той жа час спакойнага і клапатлівага да сям’і мафіёзі. Ведаць Марка мы можам перадусім па нядаўнім фільме Гая Рычы «Шэрлак Холмс», дзе ён споўніў пафаснага лорда Блэквуда. Вось і ў фільме «Піпец» мы яму верым. Ну і, вядома, Забівашка ў выкананні Хлоі Морыц. Дзяўчынка больш вядомая ў сябе на радзіме, але не ў нас. У кожным выпадку, Хлоя ўжылася ў ролю мілай і любячай дачкі ў звычайным жыцці, якая пераўтвараецца ў цынічную забойцу, апранаючы маску.
Астатнія не пацешылі. Добра, можна зразумець дзяцей – граць не ўмеюць, дый адкуль ім. Але нават яны пакідаюць далёка ззаду ветэрана экшэнаў Нікаласа Кэйджа. Пакуль ён у масцы і рэжа бандытаў, усё цудоўна. А як толькі з Вялікага Таткі становіцца звычайным татам, то не грае, а мучаецца. Не верыцца ні аднаму слову Нікаласа. Плюс дурныя вусы, што грымёры на яго начапілі дабіваюць канчаткова. Можа ён іх і ў жыцці носіць, каб фанаты не пазналі, але ў фільме – не трэба.
Калі ў сеціве з’явіўся трэйлер з перакладам расейскіх майстроў убляжу, то пакінуў моцнае ўражанне. Няўжо будзе нармальны пераклад? Была ў наяўнасці нават нецэнзурная лексіка. Вядома ж, нічога такога няма ў версіі для кінатэатраў. І не гледзячы на яўны крок наперад і адсутнасць тупых ляпаў, некаторыя моманты прымушаюць здзівіцца. Напрыклад: з чаго жывуць мафіёзі? Дублёры кажуць, – з гандлю «таварам». Не веру, што ў фільме не было сказана што за тавар, тым больш, што ў коміксе сакрэту не рабілі. Чацвёртага супергероя завуць чамусьці Чырвоны ўгар. Адкуль гэты ўгар? Калі напісана туман, праўда, па-англійску. Ну, а ў агульным, – цалкам прыстойны пераклад.
Выснова: «Піпец», дарэчы, ужо перагнаў «Бітву тытанаў» па зборах. Эх, не ідзе народ на драўляных джынаў глядзець. Гэта не можа не цешыць. Раю ўсім чытаючым стварыць сваё меркаванне пра фільм на падставе коміксаў. Некаторыя даведаюцца, што яны бываюць розныя, не толькі пра х-мэнаў і чалавека-павука. Іншыя, вядома, скажуць, што кроў, што сарцірны гумар. Але ўсе будуць сядзець ціха і нават перастануць грызці кірыешкі на апошніх трыццаці хвілінах – гэта таго варта!