Адныя «бачаць» мульцікі, другія – чорцікаў, у іншых адлёты…

|

Мы падзівіліся: такія малыя, а ўжо паляць. Хлопцы пайшлі пад мост, на трубы. А потым мы ўбачылі іх з пакетамі на галавах. Я спачатку не зразумела, навошта гэта, а потым да мяне «дайшло». Мы вярнуліся на вучобу, але гэтая карціна засела ў маёй галаве. Дагэтуль такое я бачыла толькі па тэлебачанні. Самі па сабе паўсталі пытанні: навошта ім гэта, што ў гэтым прывабнага, і, увогуле, яны што, наркаманы? У іх яшчэ ўсё жыццё наперадзе – першае каханне, спатканні, пацалункі… Адказы я пайшла шукаць да ўрача-нарколаг Галіны Казіміраўны Кашко. Выявілася, што такіх дзяцей няшмат, але праблема існуе. Сёлетняя статыстыка паказвае, што пратаколы былі састаўлены на 13 чалавек. У іх ліку – 3 дзяўчынкі. Але залежнасць ёсць толькі ў аднаго хлопца.

 

– Хто ў асноўным пападае ў групу «рызыкі»?

– У асноўным гэта – дзеці з праблемных сем’яў, дзеці ў дзіцячых дамах, ці тыя, каму пасля школы няма чаго рабіць. Дзецям трэба сябе рэалізоўваць, ім патрэбныя зносіны не толькі з аднагодкамі, але і з бацькамі. Таксама пападаюць дзеці, якія стаяць на ўліку ў псіхіатра…


– А гэта трэба лячыць?

– Так… У нас шпіталізуюцца дзеці, падлеткі, якія трапляюць у залежнасць. З імі працуюць як урачы, так і псіхатэрапеўты. Справа ў тым, што без жадання самаго нарказалежнага яго нельга, і безсэнсоўна лячыць. Ёсць дзве фазы залежнасці: псіхічная і фізічная. Фізічная – гэта «ломка», абсціненцыя. А псіхічная… Калі сказаць слэнгам – стан «кайфу» і задавальнення, якія чалавек атрымлівае, гэта тое, што яго пераследуе. І калі ты «падсеў», вылячыцца вельмі цяжка.

 

– Да чаго прыводзіць залежнасць?

– Спачатку – дэградацыя асобы, потым – прыдуркаватасць. А на што падобныя іх твары: скура шурпатая, шэрая, вочы пустыя. Будучыня ў такіх людзей наўрад ці ёсць… Залежнасць – гэта калі чалавек не можа без «дозы» клею… Акрамя псіхалагічнага жадання, гэта яшчэ і мэта аблегчыць свае пакуты. Але чалавек не ўсведамляе ўсёй цяжкасці сітуацыі, пакуль не пачынаецца боль, ці «ломка», бо зараз толькі кайф.

 

– А што нюхаюць?

– Клей «Маналіт», «Будапрэн», «Мамент»… Справа ў тым, што яны танныя і іх лёгка набыць.

 

– Што пры гэтым адчувае чалавек?

– Усе па-рознаму. Адны бачаць мульцікі, другія – рознакаляровых чорцікаў, у іншых проста «адлёты»…


– Напэўна, вы ціквіцеся, навошта яны гэта робяць?

– У асноўным адказ адзін – расслабіцца. Шкада, што моладзь зараз толькі і можа раслабляцца спіртным, цыгарэтамі ды наркотыкамі…

 

– Ну, гэта танней, чым схадзіць, напрыклад, у басейн.

 

Глядзіце. Клей каштуе 2000 рублёў, яго хапае на 3 чалавек. Квіток ў басейн каштуе прыблізна 3000-7000 рублёў, але гэта – для паўналетніх. Але ў Гродна шмат розных кружкоў, секцыяў, таксама, і басейнаў, за якія не трэба плаціць грошай. І калі ты хочаш – знойдзеш занятак па розуме і сэрцы.

 

Мне не хацелася ўсё скідваць на дзяцей з праблемных сем’яў. І, увогуле, дзеці на мой погляд, толькі ахвяры. І не абставінаў, а грамадства. Я не атрымала ўсіх адказаў на свае пытанні і наступнай маёй суразмоўцай стала педагог-псіхолаг Анжэла Станіславаўна Крыванос.

 

– Чаму дзеці і падлеткі пачынаюць сябе атручваць клеем?

– Прычын можа быць некалькі: гэта і асаблівасці развіцця (псіхалагічнага, псіхічнага, фізічнага), і ўмовы сямейнага выхавання. Але асноўная прычына – тое сацыяльнае асяроддзе, у якім сцвярджаецца падлетак. І калі ў падлетка няма каштоўнасных арыентацый, калі ён яшчэ не навучыўся змагацца са складанасцямі, калі ў яго парушаныя зносіны з аднагодкамі, ці праблемы ў эмацыянальна-валявой сферы, і ён становіцца ўразлівым. Гэтыя фактары могуць прывесці да «прыёму» таксічных ці наркатычных рэчываў. Але гэтыя паводзіны накіраваны на самаразбурэнне. То бок, дзіця накіроўвае агрэсію на самога сябе.

 

Гэта прычыны, але ёсць і матывы: проста даведацца нешата новае, форма пратэсту, адчуванне прыналежнасці да падлеткаў, якія вакол яго. Прысутнічае і рызыка – забаронены плод салодкі. Гэта і спосаб уцёкаў ад цяжкіх перажыванняў…

 

– А калі наступае залежнасць?

– Вельмі хутка. Калі падлетку ў выпадку алкагалізацыі «трэба» 4 гады, то ў выпадку наркаманіі і таксікаманіі нашмат менш. Спачатку псіхічная, а потым і фізічная залежнасць…

 

Пры гэтым, калі нават сам чалавек усвядоміў, што хоча пачаць пазітыўны шлях жыцця, трэба працаваць з яго колам. Таму што, калі яны будуць ставіцца да яго так, як раней, ён зноў пачне. Кола будзе яго падаўляць. Псіхолагам і ўрачам трэба працаваць з асяродздем чалавека, а не толькі з ім… Мы не вучым падлетка змагацца з цяжкасцямі, быць самадастатковым. Мы гаворым: гэта абставіны ці сітуацыя. Гэта ўсё так, але чаму дзіця паддалося спакусе – гэта не абставіны, а ўласнае рашэнне. Чаму ён не сказаў «Не!». Трэба вучыць дзяцей адказваць за свае ўчынкі.

 

– Трэба вучыць іх свайму «Я»?

– Так. Але ў падлеткавым узросце дзяцей з «Я» не шмат. А калі яны ёсць – яны лічацца «белымі варонамі», яны могуць быць не папулярнымі. Падлеткі арыентаваныя на тыя нормы, якія усталяваныя ў кампаніі…Трэба вучыць іх пазітыўна думаць у адносінах да самога сябе.

 

– Каго трэба лячыць? Наркаманаў ці грамадства?

– Трэба ліквідаваць неспрыяльныя фактары, у якіх чалавек апынуўся…Таксама чалавек павінен ведаць аб тым, што будзе з ім пасля ўжывання. Пры гэтым важна ведаць, не толькі ,чаму гэта дрэнна, а чаму добра гэтага не рабіць! Павінна быць устаноўка на пазітыўную будучыню, на пазітыўнае стаўленне да самаго сябе.

 

– Што рабіць бацькам?

– Максімальна звяртаць увагу на дзіця. Павінны быць душэўная блізкасць, любоў да дзіцяці і прыняцце яго. «Дзякуй табе за тое, што ты ў мяне ёсць», а не «дапамажыце мне змяніць дзіця». І калі дзіця зразумее, што яно патрэбнае, у першую чаргу сям’і, у яго не будзе жадання шукаць задавальнення ўнутранага дабрабыту дзесьці. «Я ёсць і я патрэбны». Насамрэч сёння гэта актуальна.

 

Увечары мне патлефанаваў сябра, так, паразмаўляць. Я запыталася: «Ты бачыў калі-небудзь, як нюхаюць клей?». Яго адказ мяне шакаваў: «Так, я бачыў гэта. І рабілі гэта не дзеці, а хлопцы па 20 гадоў… Я ведаю, яны і зараз так адпачываюць. Некалькі разоў на тыдзень… ». Не веру, што 13 чалавек, якія стаяць на ўліку, гэта ўсе, хто сябе атручваюць…

Ілюстрацыя http://stvnews.ru