Звар’яцелыя сонцам

На мінулым тыдні ў пракат выйшаў працяг знакамітай стужкі Мікіты Міхалкова «Стомленыя сонцам 2: Супрацьстаянне». Вусаты мэтр восем год здымаў далейшае развіццё гісторыі, якая калісьці прынесла яму Оскара.


На афішах было надрукавана «Вялікі фільм пра Вялікую вайну», а атрымалася фірменнае шаленства.

 

Міхалкоў ва ўсіх сваіх інтэрвью казаў: «Мы перелалапацілі шмат архіўных матэрыялаў, у тым ліку і вельмі рэдкіх». Атрымалася вельмі «дакладна». Пачынаючы з першых кадраў сталінскага лагеру для вязняў рэжму і зэкаў, які знаходзіўся каля… заходніх межаў Расіі. Напэўна, для аднаго толькі камдыва Котава зрабілі такую «зніжку». Астатніх, як вядома, мільёнамі ссылалі ў Сібір, на Поўнач і азіяцкія пустыні. Але даруем Мікіце Сяргеевічу гэтую недарэчнасць. Тым больш, яна не апошняя.

 

Вельмі цікава як выжыў камандзір дывізіі. Усе памятаюць, у фінале першага фільму пад дырыжаблем з лікам Бацькі Народаў з’яўляюцца словы «Камандзір дывізіі Котаў быў растраляны як вораг народу». Ажыў. І гэта яшчэ не апошняе згвалтаванне мозгу гледача. Ажывае і меншыкаўскі Міця. Не прынцыпова, што ў той жа першай частцы цэлая ванна была ў крыві з Міціных венаў. А санітарка Надзя, дачка Котава? У 34-м – пяцігадовая дзяўчынка, а у 41-м – кабета лет дваццаці. Вось як савецкія дзеці выконвалі і перавыконвалі план «Пяцгодка за чатыры гады». Да таго ж, яна яшчэ і важатая ў піянерскім лагеры. Таксама вельмі «дакументальна» і «праўдзіва»: дзеці ворагаў народу рыхтуюць дзяцей партыйных функцыянераў. Жаль, нельга спытаць у Міхалкова, у якіх архівах ён знайшоў такія факты?

 

Пачынаецца вайна. Нямецкая авіяцыя бамбіць лагер з зэкамі. Не вельмі разумна бамбіць ворагаў той улады, супраць якой ты вядзеш атаку, тым не менш. Вядома, генерал Котаў ратуецца. Цудам з палітычных ён аказваецца ў стане крымінальных злачынцаў. Болей таго, з механічнай рукой-ножыкам. Тэрмінатар нярвова паліць. Да, забыў сказаць, ён ратуецца амаль адзін з цэлага лагеру.

 

Далейшы лёс Котава закручваецца – мама дарагая! Раптам ён аказваецца на перадавой фронту разам з… крамлёўскімі курсантамі. Як?! Штрафныя батальёны з’явіліся толькі ў 42-м годзе, ды і не ваявалі зэкі ў адных акопах з элітай нацыі. Памятаю, яшчэ па школьнай праграме літаратуры чытаў аповесць «Забіты пад Масквой». Тыя ж крамлёўскія курсанты. Вось там – праўда, хоць і пісаў савецкі пісьменнік. А міхалкоўскія курсанты? Чаго варты сын рэпрэсіраванага мулы, які падчас бою кідае ўсё, каб выканаць… намаз.

 

Маразм працягваецца. Курсантаў пазабівалі, іх камандзір у выкананні Яўгена Міронава пасылае свае праклёны на Сталіна і пафасна памірае. Часткі яго цела вывальваюцца ўсім сваім хабарам на гледача – любуйцеся. А Котаў зноў уцалеў. Шанцуе ж чалавеку!

 

Потым дзеянне пераносіцца ў жыццё Надзі Міхалковай, даруйце, Котавай. Яна ўжо санітарка: эвакуіруе дзяцей і раненых на баржу. Самых цяжка параненых адносяць у глухі душны трум, які закрываюць жалезнымі люкамі. Напэўна, ў такіх умовах яны хутчэй паправяцца. І вось над гэтай баржай пачынае наразаць кругі фашысцкі «месэр». Але ж пілот успамінае пра нейкую канвенцыю… Жэнеўскую, ці што… Згодна з якой, нельга бамбіць параненых. Таксама поўнасцю праўдзівы факт. Напэўна, забіваць габрэяў, цыган і славян у лагерах канвенцыя дазваляла. Але калі бамбіць нельга, дык хоць нагадзіць. Так, я не памыліўся. Стралок на самалёце здымае штаны, каб нагадзіць на баржу з самалёта.

 

Мікіта Сяргеевіч запрасіў ветэранаў вайны на прэм’еру. Цікава, якое ўражанне на іх зрабіў крупны план фашысцкай задніцы. І чым кіраваўся Міхалкоў, калі прыдумаў такі «нетрывіяльны» эпізод. Не, вядома, «мінамётчыку» не далі гэта зрабіць: не гадзіць жа на дачку рэжысера, якая таксама на баржы. Аднак плавучую пасудзіну ўсе ж такі затапілі: пілот перадумаў…

 

Як вы лічыце, хто выратаваўся з цэлай баржы. Так, Надзя Міхалкова і бязногі салдат у выкананні Гармаша. Яны ўплылі на нямецкай міне!!! Салдат раптам ўспамінае, што ён святар, і хуценька хрэсціць Надзю. Пасля чаго ён адчэпліваецца ад міны, плыве ў мора і канчае там жыццё самагубствам. Яшчэ адна праўда жыцця: учынак, характэрны для святара і хрысціянскіх традыцый. І хоць Свяшчэнная Кніга асуджае самагубства як смяротны грэх, Міхалкоў лепей ведае. А хрышчоная санітарка на міне даплывае да берага, і міна ідзе назад ў мора, дзе топіць параход. Матросы, якія былі на ім, відавочна нехрысьці, таму іх не шкада. На ўсё воля рэжысёра.

 

Потым было яшчы шмат цікавых і «дакладных» момантаў. Чаго варты эпізод, калі Котаў пераследуе «языка», забягае за ім ў царкву, на якую падае бомба. Царква разлятаецца на запчасткі, і толькі на люстры вісіць некранутая святая ікона. Потым камдзіў звязвае «языка» і пачынае пароць яго скураным рамянём. Палонны пры гэтым задаволена смяецца. Не хапае толькі чагосьці накшталт «Накажы мяне, мой генерал». Што было пасля поркі, гледачам не паказалі. Аднак ім паказалі…. сіські. Толькі са спіны. У фінале стужкі Надзя натыкаецца на абгарэлага салдаціка. Ён ужо памірае, аднак засталася апошняя просьба. Даслоўна: «Сіські пакажы! – Што? – Я кажу, пакажы сіські». Сітуацыя трагічная на самой справе: хлопец ўжо ніколі не паспрабуе жанчыну. Аднак гэтага трагізму рэжысёр перадаць не сумеў, атрымаўся фарс. Таму і смяяліся людзі ў зале з ружовай спіны Надзейкі, замест таго, каб рыдаць.

 

«Стомленыя сонцам-2: Супрацьястаянне» выйшлі ў пракат, як я ўжо казаў, на мінулым тыдні. Пры бюджэце ў 50 мільёнаў даляраў стужка сабрала ўсяго два з паловай за першы ўік-энд. І гэта са ўсёй рэкламай і дзікім пафасам вакол яе. Відавочна, што далейшы лёс яшчэ больш кепскі. Сарафаннае радыё сказала сваё «фі». Для ратавання бюджэту і рэпутацыі кінамэтра расійскіх школьнікаў пачалі масава гнаць на прагляд, як беларускіх калісьці на «Анастасію Слуцкую». А сам Міхалкоў пайшоў у атаку…. на «Аватар».

 

Справа ў тым, што сусветны працяг эпапеі скончыўся на мінулым тыдні, і на рынак выйшлі ліцэнзійныя (якасныя) ДВД і Blu-Ray з фільмам. Чакаецца, што да амаль трох пракатных мільярдаў даляраў яны прыплюсуюць яшчэ адзін. І вось Мікіта Сяргеевіч прапанаваў забараніць насіцелі з фільмам, бо гэта «дыверсія амерыканцаў супраць расейскага кіно і расейскага гледача». Маўляў, «Аватар» перашкаджае ягонаму шэдэўру, людзям лягчэй назіраць за дранымі кошкамі, чым культурна выхоўвацца на «чэснай» гісторыі аб Вялікай Вайне. Што тут можна адказаць. акрамя «дрэннаму танцору»…