Гарвыканкам абмяркуе прапановы маладых гродзенскіх навукоўцаў
Ліст у гарвыканкам сябры “ВІТу” даслалі яшчэ 22 сакавіка.
Не атрымаўшы адказу ў азначаны тэрмін, яны звярнуліся па тлумачэнні.
А.Вашкевіч: “У гарвыканкаме нас запэўнілі, што адказ быў накіраваны на адрас грамадскага аб’яднання “ВІТ”, аднак мы яго не атрымалі.
Нам выслалі копію адказу, датаваную 20 красавіка і сказалі, што наш зварот будзе разглядацца пасля майскіх святаў”.
Пра магчымасць прысутнасці маладых навукоўцаў пры разглядзе іх прапановы ў лісце з гарвыканкаму не гаворыцца.
Тым часам, ідэя аўтараў звароту ўжо знайшла сваіх прыхільнікаў.
А.Вашкевіч: “Нас падтрымала кафедра беларускай культуры і рэгіянальнага турызму факультэту турызму і сэрвісу.
Яе супрацоўнікі таксама напісалі зварот у гарвыканкам, дзе засведчылі, што лічаць прапанаваны намі праект актуальным і гатовыя ўдзельнічаць у яго распрацоўцы”.
На думку маладых навукоўцаў, размяшчэнне ў гістарычным цэнтры горада разнастайных шыльдаў з цікавай гістарычнай інфармацыяй дапаможа турыстам адчуць атмасферу мінулага горада, даведацца больш пра яго гісторыю, адшукаць дарогу да важных культурных аб’ектаў, заахвоціць яго да больш грунтоўнага азнаямлення з горадам.
Аўтары зварота прапануюць сваю дапамогу ў распрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі ўсталявання шыльдаў і гатовыя разам з гарадскімі ўладамі шукаць грошы на развіццё інфармацыйна-турыстычнай інфраструктуры Гродна.