Музей у фотааб’ектыве
Якімі будуць прызы пакуль не вядома, але хіба гэта галоўнае? Тым больш для маладых людзей, улюбёных у родны горад і фотамастацтва. Удзел у конкурсе прынялі фотааматары Гарадзеншчыны ва ўзросце ад 15 да 22 гадоў. На працягу ўсяго красавіка яны бегалі з фотакамерамі вакол трох музеяў – Старога і Новага замкаў і Музея гісторыі Гарадніцы. Здымаць можна было не толькі звонку, але і ў саміх музеях. Здаецца, за красавік колькасць наведвальнікаў гэтых устаноў культуры некалькі павялічылася, а гэта ўжо вялікі плюс.
Вось толькі даведацца пра выставу-конкурс недасведчанаму чалавеку даволі складана, бо інфармацыя пра яе з’явілася толькі аднойчы ў некалькіх тралейбусах цэнтральных маршрутаў. Сведак пра выставу не было нават на інфармацыйным стэндзе на ўваходзе ў замкавы комплекс.
Выбіраючы самыя прыгожыя і незвычайныя ракурсы і аб’екты для сваіх кампазіцый удзельнікі папрацавалі нядрэнна. Здымкі атрымаліся даволі цікавыя, некаторыя нават уразілі мастацкім поглядам аўтара. Захацелася і самой крыху паэксперыментаваць.
>
Затое сама выстава крыху расчаравала. Па–першае, колькасць удзельнікаў не дацягнула нават да трыццаці (не хапіла інфармацыі ці жадаючых?). Ад кожнага канкурсанта патрабавалася не больш, як 3 здымка. Усе яны былі акуратна заключаныя ў драўляныя рамкі. Але вось незадача – фота былі рознафарматныя, таму адна вялікая рамка аб’ядноўвала… дваіх аўтараў. Прычым, першага і назвы яго твораў можна было разгледзець толькі калі прысесці і зазірнуць пад рамку. Таму на першы погляд падалося, што некаторыя прадставілі па пяць-шэсць здымкаў.
«Карцін» аказалася такая колькасць, што самы пільны прагляд займаў не больш 5 хвілін. Як паведамілі арганізатары выставы, удзельнікі прыносілі больш здымкаў, але ім прапаноўвалі выбраць тры прыярытэтных. Здаецца мне, што калі б выставілі ўсе працы, выстава была б большай і цікавейшай. Напрыклад, можна было асобна выставіць конкурсныя працы і пазаконкурсныя.
Яшчэ адзін цікавы момант – працэдура галасавання навельдвальнікаў выставы за лепшае фота. На падваконні стаіць прыгожы каробак (скрыня для галасавання), а побач ляжыць стос маленькіх картачак, накшталт візітак, на якіх прапаноўваецца напісаць імя аўтара і назву здымка. Параметры выбару, мэту конкурсу галасуючы вызначае выключна самастойна. Вось яна – дэмакратыя!
Амаль за гадзіну выставу наведалі ўсяго некалькі чалавек, якія падзяліліся свімі ўражаннямі.
Юры: Не вельмі спадабалася. Памяшканне вялікае, але выставе адведзены маленькі калідорчык, прац мала. Здымкі прыгожыя, але злепленыя па некалькі штук ад розных аўтараў. І ўвогуле, няма ніякай рэкламы, няма адкуль даведацца пра выставу. Сам зайшоў выпадкова.
Наталля: Пра выставу сказаў сябра, здымкі на конкурс прадстаўленыя яго сынам, таму цікава было паглядзець. Чакалася, вядома ж, большага. Пра тое, што ў адной рамцы яб’яднаныя некалькі аўтараў, здагадалася толькі тады, калі не знайшла знаёмага прозвішча – вырашыла перагледзець яшчэ раз, тады пад рамкамі ўбачыла. І яшчэ: некаторыя сюжэты паўтараюцца некалькі разоў (Мефістофель, напрыклад), вядома, гэта выбар аўтара, але падаецца, што ўмовы конкурсы былі акрэсленыя недакладна. Калі гэта першая выстава, то думаю заснавальнікі зробяць адпаведныя высновы. А думка – цікавая, і тэма таксама.
Аляксандра: Даведалася аб выставе ад сяброўкі, яе працы тут выстаўляюцца. Па праўдзе, выстава не вельмі ўразіла. Абыйшла яе за 5 хвілін. І надта складана было разабрацца, дзе чые здымкі: у адной рамцы 2 аўтара па 2-3 здымка ад кожнага. І падпісаны яны так, што прыходзіцца «кланяцца», каб прачытаць прозвішчы і назвы фотаздымкаў. А работы прыгожыя. Я нават разгубілася: не ведала за каго аддаць голас на прыз глядацкіх сімпатый. Але ўсё ж аддала сяброўцы – лічу, што яна лепшая.
Лепшыя працы плануецца адправіць у Польшчу на конкурс «Musealne spotkania z fotografią». Таму наведвайце і галасуйце. Час яшчэ ёсць.