Магія вылечвае ці пра тое, як валанцёры штукарамі сталі
І вось, зусім нядаўна, разам са сваім клубам ЮНЭСКА, я адправілася на трэнінг пад назвай «Магія, якая вылечвае». Што на ім збіраліся вядзьмарыць я не ведала, і ішла туды ў поўнай недасведчанасці, у адрозненне ад маіх таварышаў. У класе, прызначаным нам для занятку, было цесна. Валанцёры прыйшлі з усяго гораду, прысутнічалі амаль усе гарадзенскія клубы.
Ужо на першых хвілінах занятку я зразумела, што пад «магіяй» варта разумець зусім не варажбу, гаворка пайшла пра фокусы, якія развіваюць дробную маторыку. Такім трукам вучаць людзей, якія пацярпелі фізічна і эмацыянальна ў катастрофах. Нам жа трэба было працаваць з дзецьмі ў рэабілітацыйных цэнтрах, якія маюць розныя адхіленні.
На першым занятку мы праслухалі тэарэтычную частку, атрымалі досвед, вывучылі базавыя фокусы. Мінскія трэнеры прывезлі нам патрэбныя брашуры, рэквізіт, далі спасылкі на крыніцы інфармацыі. На наступны дзень нам трэба было прайсці першую практыку працы з дзецьмі.
Апоўдні ў пятніцу я тапталася каля Гарадзенскага цэнтру медыцынскай рэабілітацыі. Нарэшце сабралася група практыкантаў.
– Ну што, дзеці, пойдзем! Паводзім сябе спакойна і прыстойна! – Закамандаваў наш галоўны трэнер Віталь Паўлаградскі.
Дзяцей нам прывялі не шмат. Але гэта было і добра, бо кожны з нас пабойваўся павесці сябе «не так». Трэнеры паглядзелі на нас, потым на дзяцей, нешта падлічылі і паведамілі, што працуем у прапорцыях: адзін валанцёр – адно дзіця. Мне дастаўся трохгадовы Жэня. Якія ў хлопчыка дэфекты я не ведаю, на вока часам вызначыць складана. Яўген сціпла ўсміхаўся мне…
І вось, першы фокус з вяровачкай, мы пачынаем тлумачыць дзецям, як правільна «ствараць цуды». Жэня вучыцца ахвотна. Праглынае першы фокус, задаволена дзьме на свой кулачок і паказвае мне вузельчык, які быццам бы з’явіўся «з ніадкуль». Пераходзім да другога фокусу, я папраўляю рукі дзіцяці, прашу прадэманстраваць трук самастойна. У Жэні атрымліваецца, ён смяецца, і я з ім.
– Ну што, Жэнь, будзем яшчэ вучыцца? – Падміргваю я дзіцяці.
– Будзем, будзем, – тарабаніць ручкамі па маіх каленках малыш. – Я яшчэ хачу!
Яўген мяне ўжо не саромеецца, не хаваецца ў складзеныя кулачкі. Трэці фокус апынуўся для нас самым цяжкім – трэба завязаць вузельчык не выпускаючы канцоў вяровачкі з рук. Але Жэня імкнецца, я дапамагаю яму, і ў нас усё атрымліваецца. Радуемся разам. Дзіця абяцае трэніравацца і ў адсутнасць заняткаў. Пасля засваення трох элементаў мы развітваемся з дзецьмі да наступнага занятку.
Пасля выходных мы зноў ідзем да нашых маленькіх сяброў. Па праграме з кожнай групай трэба правесці каля чатырох заняткаў. Усё залежыць ад здольнасці дзяцей да навучання. На гэты раз валанцёраў прыйшло менш, а дзяцей наадварот – у два разы больш. Трэнераў з намі не было, што значна ўскладняла задачу. Даводзілася працаваць з двума-трыма дзеткамі. Пад маю адказнасць акрамя Жэні трапіла яшчэ дзяўчынка Каця – вельмі маўклівая і спакойная. Вучылася цяжка, бо праблемы ў дзяўчынкі менавіта з ручкамі. Але я зацята тлумачыла і паказвала, Каця паўтарала і неўзабаве навучылася няхітрым прыёмам.
З рэабілітацыйнага цэнтру мы вываліліся стомленымі і выматанымі. Працаваць тэт-а-тэт прасцей, больш увагі надаеш дробязям. А за двума-трыма ўжо патрэбна вока ды вока: што б сашчэпка ў роце не апынулася, каб гумкамі адзін аднаго не душылі, каб паперкі не рвалі. Але ўсё ж, не гледзячы на стомленасць, мы былі задаволеныя, бо маляняты памяталі пра мінулыя заняткі. Задаволеныя таму, што дзеці, прыляпіўшыся да вокнаў, доўга махалі нам на развітанне… Хутка трэці занятак і мы зноў убачымся.
>
Займацца з маленькімі дзецьмі заўсёды складана. Тым больш – вучыць дзяцей з якімі-небудзь, хай нават мінімальнымі, адхіленнямі. Але існуе закон: чым больш аддаеш – тым больш атрымліваеш. Навукоўцы даказалі, што фокусы, якія мы паказваем дзецям, паляпшаюць іх маторыку, развіваюць памяць і мазжачок, прымушаюць працаваць атрафаваныя групы цягліц, засяроджваць увагу.
І калі мы, не звяртаючыся да аперацый і лекаў, можам хаця крыху дапамагчы дзецям, то гэта сапраўды можна назваць магіяй.