Беларуска-літоўскага шэсця на Грунвальд з Гродна не будзе
Як паведамляе агенцтва DELFI са спасылкай на дэпутата Літоўскага сэйму Гінтараса Сангайлу, была створана спецыяльная камісія, якая мелася распрацаваць сумесны паход на святкаванне юбілею Грунвальда.
Удзел у гэтым паходзе меліся ўзяць сябры рыцарскіх клубаў і прадстаўнікі грамадскасці з Літвы, Беларусі і, магчыма, Украіны.
Літоўскі ўрад, аднак, не выдаткаваў на гэты праект дастатковую колькасць сродкаў.
Замест шэсця з Гродна ў Вільні 17 чэрвеня (дзень, калі беларуска-літоўска-украінскае войска выйшла на Грунвальдскае поле) будзе арганізавана сімвалічнае мерапрыемства, пасля якога ўдзельнікі шэсця на конях паскачуць ў накірунку да Трокаў.
На святкаванні юбілею Грунвальдскай бітвы будуць два Вітаўты – беларускі і літоўскі.
Пры гэтым літоўскі Вітаўтас па задуме арганізатараў гістарычнай рэканстукцыі і стане галоўным “Вітаўтам”.
Інсцэнізацыя Грунвальдскай бітвы паміж войскам Тэўтонскага ордэна і аб’яднаным войскам Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага праводзіцца ў Польшчы з 1988-га года.
Удзел у гэтай імпрэзе бяруць сотні тысяч гледачоў, рыцарскія клубы з усёй Еўропы.
Першая арганізаваная паездка з Гродна на Грунвальскае поле была зладжана ў 1990-м г.
Фота www.tio.by