Вырашана! У суботу ў ліцэй не пайду…

Як ўсё гэта паспяваюць цяперашнія 11-класнікі? Вучацца ж яны год за два, як гаворыцца «галопам па Еўропам».

 

Паразмаўляўшы з сябрамі, паспрабавала высветліць, як яны спраўляюцца. Аказалася, што не гледзячы на ўніверсітэцкія курсы і рэпетытараў, многія ўсё ж адчуваюць сябе дрэнна падрыхтаванымі або зусім непадрыхтаванымі не тое, што да тэсціравання, а нават да выпускных экзаменаў! У большасці вучняў элементарна не хапае часу на самападрыхтоўку, настаўнікі ў школе стараюцца патлумачыць увесь матэрыял, але за адзін урок трэба паспець разабраць дзве, а то і тры тэмы, таму атрымліваецца так: зразумеў – добра, не зразумеў – твае праблемы, будзеш разбірацца самастойна.


– Адчуваю сябе зусім не гатовай да экзаменаў, – распавядае Вольга. – Не тое, што я нічога не вучу, я не паспяваю за школьнай праграмай. Там кожны дзень новая тэма, настаўнік нават не заўсёды паспявае хатнія заданні правяраць, на якія ідзе ўвесь мой час, і толькі крыху – на самападрыхтоўку. А адпачыць і сустрэцца з сябрамі таксама хочацца!


– Вам дзяўчатам хоць у тым добра, – скардзіцца Вова, – што, калі не паступіце, маеце другі шанец і год на падрыхтоўку. А нам, хлопцам, адразу ў боты – Айчыну абараняць!

 

А вось, што кажуць вучні на конт рашэбнікаў:


– Па праўдзе сказаць, карыстаюся, – уздыхае Саша. – Часам я сапраўды не ведаю, як выканаць заданне, а часам проста хачу зэканоміць час. Калі не разумею, спісваю матэматыку і фізіку. А калі час эканомлю, то хімію, яе ўсё адно не правяраюць.


– А вось нам так не шанцуе, – уздыхаюць Каця і Іра. – Нам заданні даюць са зборнікаў, а да іх, на жаль, рашэбнікаў няма.


– Ды яшчэ і на спаборніцтвы ездзі, – дадае Насця. – Я ўдзельнічаю ва ўсім грамадскім жыцці школы. А вучыцца мне калі? Некаторыя настаўнікі ўжо кажуць, что забыліся, як я выглядаю!

 

Я разумею, наколькі вучням цяжка грызці граніт навукі. А што пра гэта думаюць настаўнікі?

 

Таццяна Віктараўна, настаўніца мовы і літаратуры:

– Бачна, што дзецям цяжка. Мая дачка таксама ў 11-м класе, і я бачу, якая яна стомленая, ні на што не хапае часу. Гэта зразумела, бо трэба і школьны матэрыял засвоіць, і да тэсціравання падрыхтавацца. Тэсты па мове здаюць усе, таму стараюся даваць больш матэрыялаў з ЦТ, сумяшчаючы са школьнай праграмай.


Марына Аляксандраўна, матэматык:

– Па матэматыцы пішацца яшчэ і абавязковы школьны экзамен. На самацёк не пусціш, трэба паказаць, як усё афармляецца, прапрацаваць варыянты, каб потым было лягчэй. Прыходзіцца загружаць дзяцей па поўнай, дзеля іх жа даброты.


Вольга Мікалаеўна, псіхолаг:

– Перагрузкі пры такім рытме будуць абавязкова. Каб дзіцяці было лягчэй, трэба даваць яму адпачываць. Многія бацькі лічаць, калі дзіця не пайшло ў школу, то няхай час не псуе, а рыхтуецца да экзаменаў. А дзеці лічаць, што можна крыху падрыхтавацца, а потым – камп’ютэр і тэлевізар. Але, калі вы далі дзіцяці дзень адпачынку, то не трэба загружаць яго, няхай лепш выйдзе на вуліцу. За 1-2 прапушчаных у месяц дні ў школе нічога не здарыцца, а дзіця адпачне. Калі вы бачыце, што дзіця стамілася, зрабіце яму выходны, і няважна ў які клас ходзіць ваш дзіцёнак.

 

Насамрэч, цяжка пражываць адзін год за два, стомленасць такая, што не хочацца нічога, у галаве толькі адна думка б’ецца: выспацца. А яшчэ хочацца пачытаць цікавую кніжку, не па праграме і не метадычны дапаможнік для падрытхтоўкі да ЦТ, а штосьці для душы. І проста выйсці на вуліцу, удыхнуць паветра поўнымі легкімі, каб ажно галава закруцілася, паслухаць спевы птушак, паглядзець на квітнеючыя сады, і каб нікога побач. І аніякага тэлевізара, камп’ютара. Адным словам – далей ад цывілізацыі. Давялі… А наперадзе экзамены, тэсціраванне, чаканне вынікаў. Куды пайсці вучыцца? Вырашана! У суботу ў ліцэй не пайду. Буду адпачываць: птушак слухаць і дыхаць водарам кветак.

Ілюстрацыя http://foto.mail.ru