Грыбы смачныя, небяспечныя…

У Гродзенскай гарадской санэпідстанцыі Твайму Стылю нагадалі, што пры зборы грыбоў трэба быць асабліва ўважлівымі. Да прыкладу, адварваць смарчкі трэба не меней трох разоў, а пасля гэтага прамыць вадой і адціснуць.

 

Так, смарчкі ўтрымліваюць моцны яд, які не руйнуецца нават пры працяглай тэрмаапрацоўцы. Нават пры лёгкім нядужанні пасля ўжывання ў ежу грыбоў неабходна неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Да прыходу доктара варта ачысціць страўнік, абавязкова легчы ў ложак, прыкласці грэлкі да ног і жывату. Можна піць моцную гарбату, катэгарычна забаронена ўжыванне алкаголю, бо спірт спрыяе хуткаму ўсмоктванню грыбных ядаў.

 

Смарчкі – першыя вясновыя грыбы, адносяцца да класу сумчатых, часта сустракаюцца на пажарышчах, пясчаных і імшыстых месцах, уздоўж дарог, на высечках. Гэтыя грыбы з-за свайго водару здаўна шанаваліся гурманамі, якія сцвярджалі, што нават баравікі не так добрыя для падрыхтоўкі сухога грыбнога парашку, як смарчкі.

 

Дарэчы, сушаныя капялюшыкі смарчкоў утрымоўваюць азоцістыя і бялковыя рэчывы, тлушч і па спажыўнасці не саступаюць грыбам вышэйшых катэгорый. Акрамя таго, у працэсе сушкі з грыбоў «сыходзяць» атрутныя рэчывы.