Простая размова пад водар бэзу
У гасцях у такога выдатага чалавека пашчасціла пабываць і нам– удзельнікам гуртка, створанага ў межах Універсітэту Залатога Веку, «Жыццёвы дзённік у фотаздымках».
Авантурная ідэя паехаць у Гудзевічы да Алеся Мікалаевіча Белакоза ўзнікла ў часе першай сустрэчы гуртка. Сказана – зроблена. Літаральна праз два дні, папярэдзіўшы Алеся Мікалаевіча і атрымаўшы ад яго дазвол, мы зазбіраліся ў падарожжа. Узброіўшыся штатывам, відэакамерай і фотаапаратам, ляцім у Гудзевічы. Не зусім усведамляючы, што адбываецца, наладжваюся на работу: каму як, а мне ж здымаць трэба. Для нас. І для нашчадкаў (чаму б і не?).
Прыехаўшы на месца, знаходзім невялікі белы домік (такія ж светлыя людзі жывуць у ім). На парозе нас сустракае тоненькая невысокая бабуля ў хустачцы – жонка Алеся Мікалаевіча Вера Ігнатаўна Белакоз. А вось і ён сам, спяшаецца сустрэць сваіх гарадзенскіх гасцей. Праходзім у светлы пакой, і адразу пачынаецца цікавая павольная размова, нібыта тая песня, якую спяваюць увечары пасля цяжкай працы.
Алесь Мікалаевіч расказваў шмат цікавага: пра тое, як выкладаў у школе, як шукаў падыход да вучняў і мог запар правесці да дзесяці заняткаў, у той час калі іншым настаўнікам было цяжка вытрымаць нават пяць урокаў («Уся справа ў дысцыпліне і ўзаемнай павазе паміж мною і вучнямі», – дзяліўся Алесь Мікалаевіч), пра тое, як пачаў пісаць свае творы і артыкулы, як стварыў свой выдатны музей і якія перашкоды ён сустракаў на гэтым шляху, бо зайздроснікаў хапала ва ўсе часы.
Цікава было паслухаць і пра ўзаемаадносіны нашага героя з беларускімі пісьменнікамі: Гілевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Карпюком і іншымі. У простых жыццёвых сітуацыях усе яны раскрываюцца па-іншаму, з усімі якасцямі і недахопамі. Гэтая размова вялася нібыта паміж даўно знаёмымі людзьмі, і не дарма, бо Алесь Мікалаевіч аказаўся вельмі светлым і адкрытым чалавекам з добрай душой. У часе гутаркі на стале клопатам Веры Ігнатаўны з’яўлялася простая вясковая страва: сала, падсмажаныя шкваркі, каўбаса… Гэта надавала нашай сустрэчы шчыры лейтматыў, і вельмі адчувалася, што ў гэтым доме сапраўды заўсёды рады гасцям.
Бліжэй да вечару да Алеся Мікалаевіча прыбыла новая партыя гасцей, сярод якіх быў нават адзін амерыканец (праўда, беларускага паходжання). Размова пацякла яшчэ актыўней і цікавей. Алесь Мікалаевіч успамінаў сваё мінулае, пераконваў нас у тым, што беларуская народная традыцыя не згасла, што мы яшчэ павернемся і да беларускай мовы, і да нацыянальнай культуры. Слухаючы яго, сапраўды пераконваешся ў тым, што на самой справе ў беларускага народу яшчэ ўсё наперадзе. Таксама ён распавядаў, чым багата наша Беларусь, як захаваць здароўе на доўгія гады.
Да гэтых парадаў варта прыслухацца, бо Алесь Мікалаевіч не толькі сябе вылечваў ад цяжкіх хваробаў, але і дапамагаў іншым людзям. Сярод рэкамендацый – не жалець сябе і пабольш працаваць фізічна і інтэлектуальна. Не гледзячы на свой узрост, Алесь Мікалаевіч кожны дзень стараецца падгружаць сябе фізічнай працай і абавязкова некалькі гадзін працуе інтэлектуальна: піша кніжку, шмат чытае і разважае.
Таксама наш гудзевічаўскі гаспадар рэкламаваў нам сваю цудадзейную крамянёвую ваду, якая ўратоўвае нават ад самых страшных хваробаў. І кожнай дэлегацыі даў па пакеціку з каменьчыкамі, каб і ў нас засталася кропля Белакозаўскага цуда. Але пад канец наш герой вельмі стаміўся, хоць і стараўся не падаваць віду. Таму мы зазбіраліся ў адваротную дарогу. Саспяваўшы напрыканцы беларускую песню, нарэшце ад’ехалі.
>
Гэтае падарожжа аказалася нечакана цікавым і незвычайным, і хоць прабылі мы там амаль увесь дзень, асаблівай стомленасці не адчувалася. Якраз наадварот: у Алеся Мікалаевіча зараджаешся светлай, пазітыўнай, добрай энергіяй, якая натхняе і дорыць надзею на лепшае. Простая адкрытая размова пад прыемны водар бэзу, які даносіўся з вуліцы, смак простай сялянскай ежы: хатняга сала, смажаных яек, марынованых агуркоў і самаробнай каўбасы…
Гэта так незвычайна для гарадскога жыхара, і ў той жа час настолькі па-хатняму, настолькі блізка, што пасля, калі ўспамінаеш гэтыя хвіліны, у душы пачынае калыхацца нешта вельмі цёплае, прыемнае, роднае. Толькі вось раз-пораз закрадаецца непрыемнае пачуццё страху за тое, каб не забывалі такіх людзей, якія сапраўды перажываюць за сваю зямлю і за сваіх землякоў…