Ямелі і прысніцца не магло…

Каб знайсці адказ на гэтае пытанне я адправіўся да знаўцы «печных спраў» дырэктара фірмы «Кантэнт» Сяргея Леанідавіча Ляха.

 

– Ці здараліся выпадкі ў вашай практыцы, калі вы настойліва рэкамендавалі пакупніку набыць адну рэч, а ён стаяў на сваім і прасіў іншую?

– Заўсёды так бывае! На ўсіх семінарах прадаўцоў нам гавораць, што пакупнік заўсёды не мае рацыі. І я з гэтым цалкам згодзен. Часта чалавек не можа растлумачыць, чаго ён хоча. І нашая задача ў тым, каб зразумець яго і «навесці» на правільную думку. Напрыклад, нядаўна быў кліент, якога мы доўга адгаворвалі ад куплі «менавіта гэтага» каміна. Нават грошай браць не хацелі. Але ён усё роўна настаяў на сваім і набыў тое, што яму спадабалася. У выніку гэты ж чалавек прыехаў да нас праз месяц і папрасіў абмяняць свой камін на той, які прапаноўвалі мы. Нажаль, абсталяванне ўжо было ў выкарыстанні, яго неаднаразова тапілі, і мы не змаглі яго забраць назад.

 

– Калі ставіць печ або камін на звычайным лецішчы, у колькі грошай гэта абыйдзецца?

– Вельмі цяжка назваць пэўную суму без выязду на аб’ект і замераў. Але калі гэта камін, то купля топкі і абліцоўкі будзе каштаваць каля 3 млн рублёў. Калі чалавек хоча печ, мы прапаноўваем «Баварыю» расійскай вытворчасці. Гэта выдатная печка! Яна не патрабуе нават абліцоўкі. У гэтым выпадку можна ўкласціся ў 2 млн. І ёсць варыянт для маленькіх лецішчаў – печка «Нармаль». Яе кошт даходзіць да мільёна.

 

– Некаторыя людзі купляюць матэрыял і кладуць печы самі, з дапамогай розных кніг, не маючы пры гэтым ніякага вопыту. Ці можна так рабіць?

– Кожны павінен займацца сваёй справай. Калі выкладваць па кніжцы печку з цэглы, то я нават баюся выказаць здагадку, што атрымаецца. Мы вельмі часта сутыкаемся са скаргамі на майстроў, якія ўжо даўно займаюцца гэтай справай. Печ то дыміць, то не грэе, то яшчэ што-небудзь з ёй не тое… Я нават бачыў, як у чалавека печ стаяла толькі для таго, каб на ёй… падаграваць. На большае яе цяпла не хапала. Таму я б не вельмі раіў «звязвацца» з самім сабою як з майстрам і выкладваць печку па кніжцы. Гэта можа прывесці да небяспечных наступстваў.

 

– Якая печ лепш: суцэльная або цагляная?

– Чалавек павінен вызначыцца: для чаго яму трэба гэтае абсталяванне. Калі тапіць некалькі гадзін, або некалькі дзён; для інтэр’еру ці яшчэ чаго… Добрая печка з добрай цэглы будзе каштаваць нятанна. Давайце, палічым: 1 якасная цэгла варта 1$. А на добрую печ патрабуецца каля 1500 цэглы, тут і да бабкі не хадзі. Таму трэба адразу ведаць, што чалавек можа сабе дазволіць.

 

– Вось набыў я тую ж «Баварыю». І на колькі гадоў яе хопіць?

– Тэрмін службы печы да 10-15 гадоў. Ды і тое, па сканчэнні гэтага часу прыйдзецца толькі замяніць шамот. Што тычыцца астатняга абсталявання, то па кожным трэба размаўляць асабліва. Але ў большасці сваім гэта да 10-ці гадоў. Чыгунныя каміны – да 25-ці гадоў.

 

– Якую суму на дадзены момант гатовыя выкласці за печ або камін гарадзенцы ў сваёй большасці?

– На лецішча – да 5 млн. Для катэджа, вядома даражэй. Цяпер усе імкнуцца эканоміць. Але вычайна, калі чалавек бярэ дарагую топку, то ўжо на абліцоўку ён грошай не пашкадуе.