За колькі матэматыка для народа?
У мінулы панядзелак я збіралася на сустрэчу з сяброўкай. Яна паставіла мне жорсткія ўмовы: быць на Савецкай плошчы а палове на сёмую і аргументавала гэта тым, што роўна ў сем мы павінны быць каля «Мокі».
– А чаму так строга, і што мы будзем рабіць на Горкага? – Нічога не разумеючы, пытаюся я.
– Мы паедзем купляць шпаргалкі, – растлумачыла сяброўка, – толькі нікому не кажы!
І вось, сем гадзін, і мы чакаем кагосьці пад крамай.
Цікава, як выглядае той, хто «гандлюе» спрэсаванымі ведамі – шпаргалкамі.
Я прыспешваю сяброўку тэлефанаваць «гандляру», з якім яна дамаўлялася. Тэлефануе… Нам адказваюць, што краму трэба абыйсці. Канспірацыя!
Паслухмяна абыходзім і бачым хлопца, вакол якога стаіць чарга з моладзі, якая жадае набыць «шпоры».
У хлопца-бізнэсмена на каленях ляжыць торба, у якой і знаходзяцца ўсе патрэбныя на экзамен веды.
Мне шпаргалкі не патрэбныя, і я, нічога не разумеючы, непакою сяброўку пытаннямі, колькі каштуюць шпоры, каму яна купляе, якія прадметы можна набыць.
– Матэматыка скончылася, але ўсе, у каго заўтра экзамен, чакайце – пайду дадому і прынясу яшчэ – камандуе бізнэсмен.
Нам жа, дакладней сяброўцы, патрэбная руская мова коштам у 8 тысяч беларускіх рублёў.
Чарга рухалася хутка, хлопец ведаў сваю справу. Часцей за ўсё моладзь набывала рускую і беларускую мовы, матэматыку і гісторыю.
І пакуль мая сяброўка нярвова падлічвала грошы амаль усяго класу, я спрабавала праціснуца да маладога чалавека.
– Адкажыце, а падаткі вы дзяржаве плаціце? – З усмешкай запыталася я ў гандляра.
– Вядома ж, – адмахнуўся ён ад мяне.
– А паразмаўляць з вамі пасля можна? – Праз натоўп крычу я.
– Дзяўчына, вы мне, вядома, спадабаліся, – стомлена паглядзеў на мяне хлопец, – але ні для якіх газет я нічога гаварыць не буду.
«Ну і не трэба, – падумала я сабе, – усё роўна напішу!».
– Вось гэта бізнэс! – захоплена распавядала мне па дароге дадому сяброўка. – Ты бачыла, бачыла, колькі ў яго там грошай у торбе?
Бачыла! Ведалі хлопцы, дзе знайсці залатую жылу.
Сапраўды, калі падлічыць: у нашым горадзе больш за 35 школ, у кожнай з якіх ў год дзве паралелі (11 і 9), прыкладна па 4 класы, здае экзамены па трох-чатырох прадметах, то грошы такія «гандляры» зарабляюць … прыстойныя.