Гарадзенскі футбаліст на чале лепшых бамбардыраў краіны

Зараз на рахунку нападніка 7 забітых галоў. На ўсіх іншых гульцоў “Нёмана” у сёлетнім чэмпіянаце прыпадаюць усяго два галы…

У суботняй сустрэчы ў Віцебску падзеі доўгі час складаліся не на карысць гарадзенцаў. На 55 хв. гулец гаспадароў Дзмітрый Лебядзеў рэалізуе пенальці.

Праз 10 хвілін пасля гола госці мелі шанец параўняць лік: пасля прастрэла Валадзянкова Місюк, здавалася, ужо напэўна адправіць мяч у далёкі кут брамы, але – міма.

На 71 хв. матча суддзя прызначыў пенальці ў браму «Віцебску». Лепшы бамбардыр «Нёмана» Дзмітрый Кавалёнак не схібіў і зрабіў лік 1-1.

У самым канцы гульні нападнік гаспадароў Руслан Усаў зноў выводзіць гаспадароў наперад.

Здавалася, «Віцебск» забяспечыў сабе перамогу.

Але судзьдзя дадаў 3 хвіліны і “Нёман” усімі сіламі кінуўся наперад.

Ужо на 2-й дададзенай хвіліне Дзмітрый Кавалёнак пасля навесу Віталя Валадзянкова галавой скіроўвае мяч у браму гаспадароў і прыносіць сваёй камандзе нічыю.

Пасля 12-ці тураў гарадзенцы ідуць на 10-м месцы ў турнірнай табліцы.

У сераду “Нёман” згуляе на сваім полі з магілёўскім “Дняпром”, які ідзе пакуль 6-м.

Пачатак матча а 19-й гадзіне.

 

На здымку: Дзмітрый Кавалёнак (у цэнтры) змагаецца супраць абаронцаў наваполацкага “Нафтана”.

Фота Яраслава Ванюкевіча