Дырэктыва ці лібералізацыя?

|

«Твой стыль» звярнуўся да юрыста, былога суўладальніка юрыжычнай фірмы, які цяпер займаецца іншым бізнесам, Вадзіма Моніна з прапановай пракаментаваць, чаго мы можам чакаць ад Дырэктывы.

 

– Вадзім, ці будзе дырэктыва прадугледжваць аказанне максімальнай падтрымкі усім прадпрымальнікам, ці толькі тым, хто «стварае новыя вытворчасці, забяспечвае стварэнне новых працоўных месцаў».

– Думаю, што дырэктыва сама па сабе нікога падтрымліваць не будзе. Дырэктыва – паперка, за якой стаяць людзі, чыноўнікі. Захоча адміністрацыя нейкага гораду падтрымаць сваіх прадпрымальнікаў, – падтрымае, кіруючыся «дырэктывай». Не захоча, нічога не атрымаецца.

 

– А як жа выкананне «па вертыкалі»?

– Павінны быць распрацаваныя не толькі дырэктывы, але і механізмы развіцця бізнесу. Павінны быць распрацаваныя законы, на падставе якіх перашкаджэнне бізнесу цягне пакаранне. Павінны быць створаныя суды, якія гатовыя разглядаць у межах гэтых законаў справы бізнесменаў… І іншае, іншае.

 

– А яшчэ Уладзімір Макей адзначыў, што ідэі бізнесоўцаў будуць вывучаныя і накіраваныя ў міністэрствы і ведамствы, якія займаюцца падрыхтоўкай дырэктывы № 4. Ён падкрэсліў гатоўнасць дзяржапарату прыцягваць да працы ініцыятыўных і кваліфікаваных кіраўнікоў з прыватнага бізнесу. Вось, что ён кажа: «Але людзі з бізнесу не ідуць працаваць у дзяржструктуру. Напрыклад, кіраўнік маленькага прадпрыемства, які атрымлівае ўмоўна 3—4 млн рублёў, не пойдзе, напрыклад, на пасаду намесніка старшыні райвыканкама, бо будзе атрымліваць у разы менш».

– Дазволь, я пераб’ю гэтую тваю салодкую песню…

 

– Не маю, а Макея…

– Добра. Дык вось, гаспадар нават маленькага прадпрыемства не пайдзе ў чыноўнікі не з-за заробку. Дарэчы, ён далёка не заўсёды складае 3-4 млн… А з-за сваёй «гаспадарчай» псіхалогіі. Ён добра ведае, што калі б, знаходзячыся ў крэсле чыноўніка, ён змог таксама гаспадарыць у горадзе (вёсцы, на вуліцы, раёне), як у сябе на прадпрыемстве – пайшоў бы. Але побач з ім будзе сядзець войска «перакладывальшчыкаў» паперак, і адзін ён нічога не зробіць.

 

– Кіраўнік адміністрацыі таксама заклікаў бізнес больш актыўна агучваць існыя праблемы. Але пры гэтым адзначыў, што і прадстаўнікі бізнес-асяроддзя не заўсёды могуць дакладна падказаць, паказаць на некаторыя памылкі.

– Гэта праўда. Але трэба ўлічваць, што нашаму бізнесу не 150 гадоў а непоўных 20. Акрамя таго, мы нават за гэтыя два дзесяцігоддзі так адсталі ад суседзяў, якія ўсё ж такі развіваюцца, так паглыбіліся ў пабудову дзяржаўнага капіталізму, што сярэдні клас проста не сфармаваўся, як клас. У бізнесменаў сярэдняй рукі нацэленасць не на развіццё, а на выжыванне, якія ўжо тут «падказкі». Невысокая канкурэнцыя, пастаянны падатковы стрэс…

 

– Прэс?

– Ды і ён таксама! Не дазваляюць бізнесмену развівацца, як асобе, як спецыялісту, заваёўваць новыя прасторы і ўвасабляць у жыццё новыя задумкі і ўкараняць новыя тэхналогіі. Як бы выжыць, заробак выдаць, пад штрафы не падпасці…

 

– Дарэчы, аб штрафах. Мне падаецца, галоўнае, што павінна зрабіць дзяржава ў справе «лібералізацыі» – знішчыць паняцце штрафу. Ёсць нядоімка – заплаці, схаваў падаткі – садзіся ў турму.

– Згодзен. Але паглядзіш, штрафы не прыбяруць. Гэта нядрэнны артыкул прыбытку ў бюджэт…

 

–Так што, няма надзей на дырэктыву?

– На дырэктыву як раз надзеі ёсць, яна абавязкова з’явіцца. На лібералізацыю – не. Уся гэтая валтузня з дырэктывамі, хутчэй, рэверанс перад патэнцыйнымі інвестарамі. Толькі дарма іх за дурняў трымаюць. Інвестар прыходзіць за пэўным прыбыткам, а не за «светлай будучыняй».

 Ілюстрацыя http://www.stihi.ru