Голас Васіля Быкава вярнуўся ў Горадню

Аляксандар Лукашук (на здымку), кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода”, прадстаўляючы дыск зазначыў, што для яго вельмі сымбалічна тое, што першая прэзэнтацыя гэтага дыска адбываецца менавіта ў Горадні, у тым месцы, дзе доўгія гады жыў, працаваў і рабіў сваю біяграфію Васіль Быкаў.

>
Ён распавёў прысутным аб тым, як пісьменьнік штодня прыходзіў у праскую студыю Свабоды, сядаў перад мікрафонам і пачынаў чытаць…, і такім чынам назаўсёды на Свабодзе застаўся ягоны голас, які зможа вяртаць нас у час, дзе жыў пісьменьнік.

Адзін невялічкі ўрывак Васіля Быкава менавіта ў той час, калі ён жыў у Горадні, Аляксандар Лукашук працытаваў: “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю “Свабоду”. Тое сталася звычаем і патрэбай душы…”.

Стваральнік музея Мікалай Мельнікаў

 

У невялічкім музэі Быкава ў Горадні сёньня прысутнічала няшмат людзей, заля маленькая, але атмасфэра камэральная і, як казалі наведвальнікі вельмі ўрачыстая. Сьціпла з боку стаяў Генадзь Мацур, які рабіў графічны дызайн вокладкі і які пазьней сказаў, што для яго вельмі важна мець дыск начытаны Васілём Быкавым.

Павал Мажэйка, адзін з выдаўцоў “Гарадзенскай бібліятэкі” у якой дарэчы выйшла кніга пра жыцьцярыс пісьменьніка “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця” аўтарства Сяргея Шапрана зазначыў пасьля прэзэнтацыі для Радыё Свабода:

Асабіста для мяне перш за ўсё Васіль Быкаў застаецца гарадзенцам, а на ягоны сьветапогляд перш за ўсё ўплывалі падзеі, якія адбываліся ў гэтым горадзе, на гэтай зямлі, сустрэчы, якія былі з гарадзенцамі і ён таксама ўплываў і надалей уплывае на наша сёньняшняе жыцьцё.

Таму для мяне вельмі важна ўспрымаць Быкава непасрэдна праз ягоны голас, а не праз літаратуразнаўства, альбо погляды іншых людзей”.


Фота “Радыё Свабода” і Юліі Каляды