Новая пасада – памочнік урача
Паводле слоў міністра, «кадравая праблема — гэта праблема не сённяшняга дня». Пры гэтым ён адзначыў, што сёння ў Беларусі на 10 тысяч насельніцтва прыпадае 30 урачоў, тады як сярэднееўрапейскі паказчык — 31 урач на 10 тысяч чалавек. Тым не менш, сёлета ад медустаноў прыйшлі заяўкі на 4,5 тысячы медработнікаў, уключаючы 2,2 тысячы спецыялістаў вузкага профілю. Было размеркавана 1,9 тысячы выпускнікоў, з 1 жніўня інтэрны пачнуць працу. Медыцынскія ВНУ плануюць прыняць каля 2,7 тысячы абітурыентаў, аднак з наступнага года прыём будзе скарачацца для таго, каб «не стварыць лішку кадраў праз некалькі гадоў».
Карацей, сітуацыя такая, што дактароў і так нехапае, адкуль жа возьмуцца іх памочнікі? Да начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама І.У.Епіфанава мы не датэлефанаваліся, ён чалавек вельмі заняты, але супрацоўнікі аддзелу патлумачылі:
– Супярэчання тут ніякага няма, таму што «інстытут памочнікаў» будзе стварацца з медперсаналу сярэдняга звяна, то бок, медсёстраў. Памочнік будзе ажыццяўляць даўрачэбны агляд пацыентаў, выпіску рэцэптаў…
– Дзіўна! Але ж і зараз гэтым займаецца медыцынская сястра, якая сядзіць побач з доктарам. А як…
На гэтым нашы перамовы з прадстаўніцай упраўлення скончыліся, таму што яна палажыла трубку.
Мэта ўвядзення пасады, як тлумачыць міністр, – зняць нагрузку з урачоў, удасканаліць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў паліклініках. Можа, ён не ведае, што «памочнікі» ўжо ёсць? Праўда, міністр заўважыў, што гэтыя «памочнікі павінны будуць прайсці спецыяльнае навучанне ці курсы падвышэння кваліфікацыі», а заробак у іх будзе вышэйшы, чым у звычайнай медсястры.
Участковы урач 3-й паліклінікі Вольга Б. так пракаментавала сітуацыю: – Што у лоб, што па ілбе… Толькі сярод медсёстраў пачнецца бойка за новую пасаду. Можна было б проста падвысіць заробак сярэдняму персаналу. Дарэчы, што тычыцца еўрапейскага паказчыка… Можа, у сталіцы менавіта такая лічба. У Гродна, урачоў не хапае, у раённых гарадах – тым больш. Насельніцтва, наадварот, больш хварэе, больш звяртаецца да дактароў.