Літоўцаў непакояць планы будаўніцтва беларускай АЭС

|

Дэлегацыя літоўскага міністэрства аховы навакольнага асяроддзя правядзе сёння ў Мінску кансультацыі з беларускімі калегамі па пытаннях, звязаных з планамі будаўніцтва беларускай атамнай станцыі ў непасрэднай блізасці ад мяжы з Літвой.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прадстаўніка літоўскага міністэрства Віталюса Аўглюса, афіцыйная пазіцыя Літвы па пытанні месца знаходжання будучай беларускай АЭС ад гэтых кансультацый не зменіцца. 

Некалькі дзён таму на круглым стале ў Вільні, прымеркаваным да візіта генеральнага дырэктара МАГАТЭ ў Літву, Аўглюс заявіў, што “ў адносінах да беларускай АЭС у Літвы ёсць пярэчанні па яе размяшчэнні на Астравецкай пляцоўцы, а таксама незадаволенасць якасцю Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і грамадскімі слуханнямі ў Вільні“.

Як паведаміла “Твайму стылю” прадстаўніца грамадскага аб’яднання “Экадом” Ірына Сухій, літоўскі бок у час сустрэчы з дэлегацыяй МАГАТЭ досыць цвёрда заявіў сваю пазіцыю адносна планаў пабудовы АЭС на Астравеччыне. Хутчэй за ўсё, такую ж пазіцыю літоўцы будуць адстойваць і ў час сённяшніх кансультацый у Мінску.