Хто зойме месца Анжалікі Борыс?

|

Частка сябраў арганізацыі дагэтуль спадзяецца, што сп-ня Борыс можа змяніць сваё рашэнне і застацца на пасадзе.

Блізкія да кіраўніцтва СПБ асобы, аднак, амаль не сумняюцца, што Анжаліка Борыс сваё рашэнне не зменіць.

Як паведаміў “Твайму стылю” прэс-сакратар арганізацыі Ігар Банцар, выконваючы абавязкі старшыні СПБ павінен быць прызначаны з ліку яго намеснікаў. Сёння іх чацьвёра – Анжаліка Арэхва, Рэната Дземянчук, Мечыслаў Яскевіч і Ірэна Валюсь.

На працягу бліжэйшых 2,5 гадоў павінен адбыцца з’езд арганізацыі, дзе будзе абраны новы старшыня.

Па інфармацыі, атрыманай намі ад аднаго з актывістаў СПБ Анджэя Пачобута, заўтрашняе паседжанне Рады будзе, хутчэй за ўсё, зачыненым.

Тым часам кіраўнік афіцыйнага Саюзу палякаў Станіслаў Сямашка ў інтэрв’ю журналістам “Белсата” сказаў наступнае:

– Я не хачу казаць пра яе (Анжаліку Борыс – рэд.) нічога дрэннага. Але павагі да нашай дзяржавы з ейнага боку не было. Гэта кожнаму простаму чалавечаму воку было бачна. Таму мне падаецца, што яна ўсё ўсвядоміла.

 

Па словах пс. Сямашкі, у цяперашняй сітуацыі ў Польшчы няма іншага выйсця, як прызнаць падначалены яму СПБ у якасці адзінай афіцыйнай арганізацыі палякаў у Беларусі.